Інэса Крутая і яе бацька атрымалі права на прытулак у Чэхіі
Інэса Крутая, якая пацярпела ад выбуху ў менскім метро 11 красавіка 2011 году, і яе бацька, Аляксандр Круты, ён падчас следства і напачатку суду па справе аб тэракту быў юрыдычным прадстаўніком дачкі, просяць прытулку ў Чэхіі. У гэтую краіну яны з’ехалі ў лістападзе 2014 году. Па словах Мікалая Бамбізы, стрыечнага брата Аляксандра Крутога, яны на днях атрымалі права на такі прытулак.
– Яны атрымалі права на палітычны прытулак. Аляксандр вымушаны быў працаваць грузчыкам пры яго вышэйшай адукацыі. Тут лепшага жыцця ён не чакаў. А там, ён спадзяецца, што праз нейкі перыяд атрымае права ўладкавацца на работу і набудзе для дачкі якаснае лекаванне. Бо тут яна не магла гэта атрымаць ад беларускай дзяржавы. Яна была вымушана змагацца за сваё права, даводзіць, што яна не ахвяра бытавой траўмы, а што яна ахвяра тэракту.
Па словах Мікалая Бамбізы, ён упэўнены, што Аляксандр Круты і яго дачка Інэса Крутая, пасля вырашэння пытанняў з атрыманнем прытулку, вернуцца да тэмы выбуху ў менскім метро. Раней яны неаднаразова заяўлялі, што не вераць у афіцыйную версію і вінаватасць асуджаных да вышэйшай меры Канавалава і Кавалёва. Некаторыя ўдзельнікі працэсу лічаць, што менавіта дэталёвы і крытычны аналіз Аляксандрам Крутым справы падчас суду стаў сапраўднай прычынай яго крымінальнага пераследу ў Беларусі.
Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя