Інэса Студзінская абвясціла галадоўку
Пра гэта паведаміла знаёмая Студзінскай, якая атрымала інфармацыю ад яе сукамерніцы. Дадаткова спраўдзіць гэтую інфармацыю пакуль не ўдалося.
Інэсу Студзінскую затрымалі 16 ліпеня пасля ператрусу. У той жа дзень затрымалі Алеся Дашчынскага і Алега Груздзіловіча. Усе яны шмат гадоў працавалі на Радыё Свабода і летась былі пазбаўленыя акрэдытацыі. Таксама ў той дзень былі затрыманыя журналісты тэлеканалу Белсат Ганна Галёта і Ігар Ільяш.
20 ліпеня супрацоўнік менскага ізалятара на завулку Акрэсціна паведаміў родным, што Алег Груздзіловіч і Алесь Дашчынскі затрыманыя да 10 дзён. Інфармацыі пра Іну Студзінскую няма. Сваякам і калегам дагэтуль невядома, у чым абвінавачваюцца журналісты.
Справу вядзе ўпраўленне Следчага камітэту па Менску. Адвакатаў па-ранейшаму ніхто нікуды не выклікаў і нічога не паведамляў, хоць яны даслалі паведамленні пра абарону.