Інфармацыйныя інтэрнэт-рэсурсы прыраўнялі да СМІ (абноўлена)
Палата прадстаўнікоў вельмі паспешліва прыняла папраўкі ў закон пра СМІ, якія, паводле Беларускай асацыяцыі журналістаў, даюць магчымасць Міністэрству інфармацыі цяпер кантраляваць беларускія інтэрнэт-сайты. Намеснік старшыні БАЖа Андрэй Бастунец нагадвае, што арганізацыя звярталася ў Адміністрацыю прэзідэнта з просьбай удзельнічаць у абмеркаванні закона.
– Дадзена даручэнне Міністэрству інфармацыі забяспечыць грамадскае абмеркаванне гэтай тэмы і звярнуцца ў зацікаўленыя органы і арганізацыі. Міністэрства інфармацыі ў сваім лісце паведаміла, што яны забяспечаць выканенне даручэння Адміністрацыі прэзідэнта – пройдзе грамадскае абмеркаванне. Але да БАЖа так ніхто і не звярнуўся. Ніякага абмеркавання не было.
Пытання пра ўнясенне паправак у закон аб СМІ нават першапачаткова не было ў парадку дня ў Палаце прадстаўнікоў – паведаміў медыя-эксперт Паўлюк Быкоўскі, які прысутнічаў у парламенце. І гэты дакумент не быў даступны пераважнай большасці журналістаў.
– Гэты дакумент не быў даступны мне як журналісту. Разам з тым спадарыня Ананіч сказала, што папраўкі былі ўхваленыя пленумам Саюза журналістаў, дзе перадусім знаходзяцца прадстаўнікі дзяржаўных СМІ ў адрозненне ад прадстаўнікоў БАЖа, куды ўваходзяць найперш незалежныя журналісты. Дык вось БСЖ ухваліў гэтыя папраўкі, то бок яны з імі знаёмыя.
Міністр інфармацыі Лілія Ананіч, якая прадстаўляла папраўкі ў парламенце, сцвяржае, што над імі “не адзін тыдзень і не адзін год” працавалі многія ўдзельнікі інфармацыйнага поля. Пераважна Міністэрства інфармацыі, Беларускі саюз журналістаў, Саюз выдаўцоў і распаўсюднікаў друку. Больш на гэту тэму ў праекце “Месца для прэсы” а 19.30 паводле беларускага часу.
* * *
Беларуская інтэрнэт-прастора з 1 студзеня 2015 года стане больш кантраляванай. Гэта прадугледжваюць папраўкі ў закон „Аб сродках масавай інфармацыі”, якія прынялі дэпутаты Палаты прадстаўнікоў адразу ў двух чытаннях. Па-першае, інфармацыйныя рэсурсы, якія знаходзяцца ў сеціве, цяпер прыраўнялі да сродкаў масавай інфармацыі. Паведаміў нам медыя-эксперт Паўлюк Быкоўскі, які прасутнічаў на пасяджэнні:
– І гэта не патрабуе рэгістрацыі. Міністэрства інфармацыі будзе адказваць за тое, што друкуецца ў інтэрнэце і атрымлівае права рэагаваць на гэта. То бок, калі раптам Міністэрства інфармацыі атрымае сігнал ад карыстальнікаў пра тое, што нейкі незаконны кантэнт, то Міністэрства інфармацыі мусіць тады даваць прадпісанне гаспадару сайта ўдаліць гэты кантэнт. І гэты кантэнт мусіць удаляцца. Калі не будуць слухацца, то гэты рэсурс будзе блакавацца. Уяўляецца такі механізм, у якім задзейнічана Міністэрства інфармацыі.
Па-другое, доля замежных заснавальнікаў СМІ паменшана з 30-ці – да 20-ці працэнтаў. Гэты закон не мае адваротнай сілы — то бок не будзе распаўсюджвацца на СМІ, якія ўжо існуюць у такім статусе. Па-трэцяе, уводзіцца такое паняцце, як дзяржаўны рэестр распаўсюднікаў друкаваных, тэлевізійных ды іншых СМІ.
Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота golig.com