Інфармацыя пра вяртанне Пазьняка – правакацыя спецслужбаў
“Гэта правакацыя спецслужбаў, прычым расейскіх”, – так назваў ілжывыя звесткі пра вяртанне палітыка Зянона Пазьняка намеснік старшыні КХП-БНФ Юрась Беленькі.
Паводле яго слоў, ёсць інфармацыя, што Пазьняк знаходзіцца ў сакрэтным спісе расейскіх спецслужбаў, у якім ёсць прозвішчы асобаў, якія падлягаюць знішчэнню:
– Правакацыі супраць спадара Пазьняка здяйсняліся ў розных формах усе гэтыя гады. Інфармацыю атрымалі непасрэдна з КДБ, што была створана група на чале з Шэйманам, спецпадраздзяленне, якое складала дэтальны план забойства Пазьняка. Гэта Расея за гэтым стаіць, у спісах спецслужбаў былі: Чарнавол, Гамсахурдзія, Паліткоўская і гэтак далей. У іх ёсць спіс асобаў, якія мусяць быць знішчаны. Зянона Пазьняка ім знішчыць не ўдалося.
Старшыня Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ Зянон Пазьняк пацвердзіў словы свайго намесніка Юрася Беленькага, які назваў звесткі пра вяртанне палітыка ў Беларусь з мэтай ўзначаліць новы рух і звергнуць Лукашэнку, ілжывымі. „Планаў вяртацца ў Беларусь няма”, – кажа Зянон Пазьняк:
– Гэта правакацыя. Я пра гэта першы раз чую. Але я ведаю, што ў мае паштовыя скрынкі залазяць. Я часам атрымліваю спам са сваёй жа пошты. Таму ўвесь час хтосьці курыруе гэтай поштай, падрабляюць, рассылаюць бязглуздзіцу. Нават былі фіктыўныя інтэрнэт-старонкі, дзе нехта ад майго імя змяшаў там тэарэтычныя работы – нейкую лухту. Таму ўсё гэта – правакацыя. Ніякага дачынення я да гэтага не маю.
Сёння на рэдакцыйную скрыню нашага радыё прыйшло паведамленне нібыта ад імя Зянона Пазьняка. У ім пазначана, што “сітуацыя ў Беларусі выходзіць з-пад кантролю Лукашэнкі. Таму ў самы бліжэйшы час Пазьняк нібыта плануе вярнуцца ў Беларусь і ўзначаліць рух за вызваленне Бацькаўшчыны ад здрадніка і вырадка народа, якога не павінна насіць беларуская зямля. Ужо гадзіннік празваніў на Айчыннай вежы. Ганьба – не наш шлях. Наш шлях – гонар і барацьба. Арду пераможа не армія, яе пераможа толькі Беларускі Народ. Заклікаю ўсіх беларусаў далучыцца да руху барацьбы за Свабоду. 25 сакавіка пачнем вызваленне Беларусі!” І подпіс Зянона Пазьняка.
Нагадаем, намеснік Пазьняка Юрась Беленькі назваў гэты ліст правакацыяй з боку расейскіх спецслужбаў, якія праводзяць кампанію супраць Беларусі.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя