Інфармацыя з Inform-Napalm.org разварушыла расейскіх троляў



Пасля з’яўлення ў незалежных СМІ артыкула пра беларускіх вайсковых службоўцаў, дзе быў надрукаваны спіс вышэйшага вайскова-палітычнага кіраўніцтва Рэспублікі Беларусь – ураджэнцаў не Беларусі і якія скончылі расейскія вайсковыя ВНУ, беларускім рэдактарам старонкі Inform-Napalm.org пачалі цікавіцца расейскія тролі. Інфармацыя пра гарадзенца Дзяніса Івашына пачала з’яўляцца на розных расейскіх рэсурсах.

– Рэакцыя на наш матэрыял была імгненнай. Практычна праз некалькі дзён з’явіліся адпаведныя водгукі на некалькіх галоўных рупарах „ватных” рэсурсаў. На крамлёўскіх сайтах з’явілася рэакцыя на наш матэрыял, нас напрост звязваюць з амерыканскімі стратэгамі, што мы выконваем усе іхныя інструкцыі. Нібыта паказваюць нашую датычнасць да Украіны, што мы, маўляў, з’яўляемся супрацоўнікамі Міністэрства абароны Украіны.

Сайт InformNapalm.org – цалкам валанцёрскі інфармацыйны праект, задачай якого з’яўляецца правядзенне выведкі на падставе крыніцаў адкрытага доступу. Ён распавядае пра аператыўныя навіны ва Украіне, пра тое, што адбываецца падчас антытэрарыстычнай аперацыі.

Запаўненнем сайта і здабычай інфармацыі займаюцца добраахвотнікі ў розных краінах. Беларуская рэдакцыя сайта была створана тры месяцы таму.

Беларускае Радыё Рацыя