Ініцыятыўная група Ганны Канюс сабрала 100% подпісаў
100 працэнтную колькасць подпісаў на вылучэнне кандыдатам у дэпутаты ў мясцовыя саветы сабрала ініцыятыўная група Ганны Канюс. Сябра Берасцейскай абласной арганізацыі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (БСДП) “Грамада” можа балатавацца і як вылучэнец партыі, так і шляхам збору подпісаў. “Гэта цудоўная мажлівасць легальна пагаварыць з людзьмі, каб даведацца пра іх праблемы”, — зазначае Ганна Канюс:
— Рэакцыя насамрэч розная. Мы стаім на памежжы маёй акругі і людзі тут праходзяць і з маёй акругі і не з маёй акругі. Шмат людзей, якія хочуць паставіць подпіс. Шмат людзей, якія нядобра ставяцца да нашай сённяшняй улады і засмучаны тым, што атрымліваюць маленькую пенсію. Шмат праблем з прыватызацыяй кватэр, шмат праблем увогуле з жыццём. Таму яны хочуць нешта змяніць, аднак, часам не вераць у тое, што можна змяніць што-небудзь у гэтай краіне.
РР: Чаму вы пакінулі подпіс за вылучэнне кандыдатам Ганны Канюс?…
— Бо я за справядлівыя выбары.
РР: Вы лічыце, што справядлівых выбараў у нашай краіне няма?
— А як вы думаеце? Што тут лічыць, калі і так усё ясна.
Ініцыятыўная група сябры БСДП “Грамада” Ганны Канюс збірала подпісы спачатку ў пікеце ля гіпермаркета Green на ўсходзе, а пасля “ад дзвярэй да дзвярэй” у пад’ездах прылеглых дамоў. Для вылучэння кандыдатам у дэпутаты ў Берасцейскі гарадскі савет дэпутатаў трэба назбіраць 75 подпісаў жыхароў акругі, ад якой вылучаецца кандыдат.
Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце