Ініцыятыўныя групы студэнтаў заявілі аб непрызнанні „Усебеларускага народнага сходу”
Ініцыятыўныя групы беларускага студэнцтва выступілі з заявай аб непрызнанні так званага Усебеларускага народнага сходу (УНС).
Сход „не выказвае зацікаўленасці грамадства ў цэлым, студэнцтва ў прыватнасці, і не з’яўляецца рэальнай дыялогавай пляцоўкай”, гаворыцца ў заяве, размешчанай у тэлеграм-канале „Студэнцкая ініцыятыўная група” (супольнасць, якая выкладае інтарэсы страйкамаў і ініцыятыўных груп 15 універсітэтаў Беларусі).
„Усе „дэлегаты”, якія дэкларуюцца як прадстаўнікі студэнцтва і моладзі, з’яўляюцца не больш як статыстамі, — адзначаецца ў заяве. — Тыя, хто рэальна маглі б прадстаўляць студэнцтва, альбо пераследуюцца, альбо вымушаныя хавацца. Улада баіцца гаварыць з беларускай моладдзю”.
На думку ініцыятыўных груп студэнтаў, калі дзейныя ўлады хочуць пачатку рэальнага дыялогу, то неабходна: вызваліць усіх палітвязняў; спыніць пераслед тых, хто знаходзяцца ў выгнанні; запрасіць за стол перамоў прадстаўнікоў Каардынацыйнай рады па ўрэгуляванні палітычнага крызісу, офіса Святланы Ціханоўскай, лічбавай платформы „Сход”, незалежных прафсаюзаў і Студэнцкай ініцыятыўнай групы.
„Мы звяртаемся да так званых дэлегатаў УНС, асабліва да студэнтаў і студэнтак, якія бяруць у ім удзел: у вас ёсць гістарычная магчымасць зрабіць для будучых пакаленняў дабро. Скажыце праўду, выступіце з пазіцыі народа, прадэманструйце вальнадумства. Мы будзем вам удзячныя не толькі ад асобы беларускага народа, але і ад асобы будучых пакаленняў. Гэта наблізіць нас да сапраўднага агульнанацыянальнага дыялогу”, — адзначаецца ў заяве.