Ініцыятыва “Вольная Беларусь” адзначыла 10-гадовы юбілей (абноўлена)



У Варшаве адсвяткавалі дзесяцігадовы юбілей Ініцыятывы «Вольная Беларусь». Гэтая пазаўрадавая арганізацыя найбольш вядомая па правядзенню штогадовых канцэртаў «Салідарныя з Беларусяй». Сярод тых, хто ў аб’яднанні з 2006-га году Магда Пытлякоўска, якая і цяпер уваходзіць у кіраўніцтва арганізацыі. У інтэрв’ю нашаму радыё яна ўзгадвае, як усё пачыналася.

Магда Пытлякоўска: Ініцыятыву «Вольная Беларусь» заснавалі ў 2006-ым годзе некалькі сяброў. Гэта былі людзі, якія вырашылі пачаць працаваць на карысць Беларусі. Не ведаю, як гэта атрымалася, але яны зрабілі самы вялікі канцэрт падтрымкі Беларусі ў свеце. Я пасля гэтага канцэрту далучылася. Мы пачалі працаваць разам. Гэта ператварылася ў ініцыятыву, якая не толькі ладзіць канцэрты. Мы пачалі таксама працаваць з беларусамі, ладзіць нейкія культурніцкія праекты, падтрымліваць моладзевыя арганізацыі Беларусі. Цяпер у нас з’явілася шмат беларусаў, раней гэта былі ў асноўным палякі. Упершыню старшыня нашай арганізацыі беларус.

А першым беларусам, які ўзначаліў Ініцыятыву «Вольная Беларусь» стаў Яўген Ціхановіч. Арганізацыя юбілейнай імпрэзы стала яго першым адказным абавязкам.

Яўген Ціхановіч: Тое, што мы сёння будзем святкаваць дзень нараджэння, мы ведалі напачатку гэтага года. Калі шчыра, я трошкі хваляваўся, бо гэта першая імпрэза, каторую трэба было зрабіць, маючы гэтую новую пасаду. Хаця пасада – гэта трошкі фармальнасць, яна павінна быць, хтосьці павінен рэпрэзентаваць арганізацыю. Але незалежна ад таго, што мы робім, мы робім гэта разам.

Падчас афіцыйнай часткі выступалі былыя і цяперашнія ўдзельнікі арганізацыі, а таксама прадстаўнік мэрыі Варшавы, якая перадала віншаванні і ўручыла падарунак ад адміністрацыі гораду.

287946

У сваю чаргу кіраўніцтва аб’яднання раздавала прызы гасцям імпрэзы і частавала смачным тортам.

282113

Пасля гэтага надышоў час выступу музычнага госця – Андруся Такінланга.

287497

Яўген Ціхановіч: Андрусь некаторы час перад нашым днём нараджэння граў, і нам гэты канцэрт вельмі спадабаўся. Андрусь таксама быў госцем «Салідарных з Беларуссю» ў 2011-12 гг. І Андрусь сам па сабе вельмі-вельмі пазітыўны чалавек, які дорыць вельмі многа цяпла, многа эмоцый. У яго вельмі добрая цікавая музыка, і мне падаецца, што гэта вельмі добры, адпаведны артыст для такіх камеральных мерапрыемстваў.

Андрусь Такінданг: На самай справе гурт «Рэха» досыць даўно ўжо супрацоўнічае з Ініцыятывай, гадоў сем ужо ездзім граць канцэрты «Салідарныя з Беларуссю». Для нас гэта ўжо родныя канцэрты, родная публіка. І таму, калі сказалі, што будзе такое невялікае свята, і трэба такі камеральны склад, то мы з радасцю пагадзіліся, і вось прыехалі з Яўгенам, гітарыстам, удвух выступіць.

Госця імпрэзы Іна: Мне вельмі спадабалася ад самога пачатку. Было весела, было так па-беларуску вельмі гасцінна, вельмі прыемна. Спаткала сваіх сяброў.

Польскі госць Дамінік: Вельмі файна, што да Варшавы прыязджаюць беларускія гурты, беларускія музыкі. І што варшавякі могуць пабачыць іншы твар Беларусі, пазітыўны, вясёлы. Мне вельмі падабалася сёння.

Святкаванне юбілею завершылася, і цяпер сябры «Вольнай Беларусі» вяртаюцца да працы над сваім галоўным праектам – вялікім канцэртам «Салідарныя з Беларуссю». Яўген Ціхановіч прызнае, што ў гэтым годзе як ніколі шмат цяжкасцей, перадусім фінансавых. Але палова працы ўжо зроблена, а ўвосень мы пабачым, што атрымалася ў выніку.

* * *

У Варшаве адбылася святочная імпрэза, прысвечаная дзесяцігоддзю Ініцыятывы “Вольная Беларусь”. Пазаўрадавая арганізацыя, найбольш вядомая па правядзенні штогадовых канцэртаў «Салідарныя з Беларуссю», была заснаваная ўлетку 2006-га году. Магда Пытлякоўска, якая ўваходзіць у кіраўніцтва арганізацыі, нагадала гісторыю ініцыятывы:

– Ініцыятыву “Вольная Беларусь” заснавалі ў 2006 годзе. Удзельнікі ініцыятывы вырашылі працаваць на карысць Беларусі. Яны зрабілі самы вялікі канцэрт падтрымкі Беларусі ў свеце. Раней гэта былі ў асноўным палякі, цяпер больш беларусаў. Упершыню старшынём нашай арганізацыі стаў беларус.

Новы старшыня аб’яднання Яўген Ціхановіч распавёў пра ўрачыстую імпрэзу, музычным госцем якой стаў Андрусь Такінданг з гурту «Рэха».

– Тое, што мы сёння будзем святкаваць дзень нараджэння, мы ведалі напачатку гэтага года. Андрусь быў госцем “Салідарныя з Беларуссю” у 2011-2012 гадах, і мне падаецца, што гэта адпаведны артыст для такіх камеральных мерапрыемстваў. Запрашалі літаральна ўсіх, чакалі, што прыйдуць людзі, якія адчуваюць сваю прывязанасць да арганізацыі. Думаю, што ўсё атрымалася.

Сярод дзясяткаў гасцей юбілею была і прадстаўнік мэрыі Варшавы, якая павіншавала Ініцыятыву “Вольная Беларусь” і ўручыла памятны падарунак ад сталічнай адміністрацыі. Чарговы канцэрт «Салідарныя з Беларуссю» плануецца правесці ўвосень.

[Not a valid template]

Станіслаў Раманчук, Беларускае Радыё Рацыя, Варшава

Фота аўтара