Ініцыятыва «Вольныя» працягвае працу
Інстаграм-старонка, адна з сацыяльных сетак ініцыятывы дапамогі для былых беларускіх палітвязняў «Вольныя» прызнана ў Беларусі экстрэмісцкай. Так вырашыў суд Мазырскага раёна Гомельскай вобласці 19 кастрычніка 2023 года.
Каардынатарка ініцыятывы Вераніка Станкевіч кажа, што гэта не зменіць прынцыпаў іх дзейнасці.
– Істотна для нас нічога не памяняецца па двух прычынах: першае, мы на самой справе і чакалі, што так можа быць, я толькі здзіўлена таму, што вельмі хутка, бо мы толькі ў жніўні пачалі афіцыйна працаваць. Атрымліваецца, што прайшло толькі тры месяцы, а нас ужо прызналі, скажам так. А па-другое, мы працуем з такой тэматыкай, што яна сама па сябе ўяўляе, калі нас рэпосцяць у Беларусі, то могуць быць пераследаванні.
Па словах Веранікі, ініцыятыва зараз дапамагае каля 40 былым палітзняволеным.
– Да нас звярнулася каля 40 чалавек, якім патрэбная дапамога, гэта нашыя падапечныя. І каля 50 чалавек ментараў, тыя, хто гатовы дапамагаць. Таму што мы набіраем валанцёраў увесь час. І іх колкасць расце. Штодзень да нас прыходзяць па адным, па два чалавекі – і з таго, і другога боку.
Пра дзейнасць ініцыятывы „Вольныя” можна пазнаёміцца на адмыслова створанай інтэрнэт-старонцы.
Беларускае Радыё Рацыя