Інтэлектуальны квэст на гарадзенскіх курсах «Мова Нанова»
Гарадзенскія курсы «Мова Нанова» ўпершыню за некалькі гадоў іх правядзення наведалі прадстаўнікі «Беларускай інтэлектуальнай гульні». Маладзёны правялі квэст па гісторыі, культуры, ўсеагульных ведах і сусветнай гісторыі і эрудыцыі.
Пра адметнасці такіх гульняў і правядзенне іх у Гародні распавядае вядоўца «Беларускай інтэлектуальнай гульні» Вадзім Жыдовіч:
— Нам больш за ўсё прыемна прыязджаць менавіта сюды, хоць і далёка, але мы ездзім і ездзіць будзем. Заўсёды цёплая і ўтульная атмасфера, прыемныя людзі. Пытанні абсалютна розныя, цікавыя. Калі мы ездзім у Гародню абавязкова робім нейкі тур пра Гарадзеншчыну, пра Гародню, каб людзям таксама было цікава, бо цікавей угадваць пра сваё, чым нешта чужое.
Для слухачоў курсаў «Мова Нанова Гародня» фармат інтэлектуальнай гульні быў вельмі незвычайным:
— Дайсці да «беларускасці» так скажам. Цікава тым, што гэта кантакт паміж рознымі людзьмі. Асабліва ў нашай камандзе нават паміж рознымі пакаленнямі. Увогуле гэта прыкольны фармат.
— Такі фармат вельмі цікавы тым, што ён дапамагае добра і выказаць свае веды па гісторыі і шмат чаго новага даведацца.
Наступны квэст ад «Беларускай інтэлектуальнай гульні» ў Гародні адбудзецца цягам бліжэйшага месяца, а пра месца яго правядзення будзе паведамлена ў сацыяльных сетках.
Беларускае Радыё Рацыя