Інтэрнаты знаходзяцца ў небяспецы – там ёсць выпадкі заражэнняў COVID-19



Пра гэта заяўляе дырэктар Офіса па правах людзей з інваліднасцю Сяргей Драздоўскі.

Ён адзначае, што зараз, ва ўмовах распаўсюду каронавірусу, грамадства разумее і абмяркоўвае шматлікія праблемы, напрыклад, лекараў, якія вымушаныя працаваць у цяжкіх умовах. Але няшмат увагі звяртаецца на інтэрнаты. Гэта закрытыя сацыяльныя ўстановы, дзе жывуць пажылыя людзі, людзі з інваліднасцю і з псіханеўралагічнымі асаблівасцямі:

Інтэрнаты знаходзяцца дзесьці там, у суседнім лясочку, незразумела дзе, хтосьці там жыве. Ну, гэта тыя людзі, якім там і трэба жыць. Мы сутыкаемся з такім меркаваннем абывацеляў. Вось мы зараз сутыкнуліся з такой сітуацыяй, што, калі зараз грамадства актыўна не паглядзіць і не возьме на сябе адказнасць за ўсе гэтыя інтэрнаты, а гэта такія ж нашы суграмадзяне, гэта мы і ёсць, гэта людзі нашага беларускага грамадства, то заўтра мы будзем з горыччу глядзець на памерлых там людзей, загінулых дзясяткамі і сотнямі. І думаць пра тое, чаму мы гэта не рабілі.

Офісу па правах інваліднасці ўжо вядома аб выпадках захворвання каронавірусам у пяці інтэрнатах для дарослых і двух дзіцячых. «Мы вымушаны крычаць SOS», – адзначае Офіс. Разам з няўрадавай арганізацыяй «Есть дело» ён адкрыў тэрміновы збор для дапамогі інтэрнатам пад назвай COVID-19 ПНІ.

На пляцоўцы molamola.by кожны грамадзянін можа ахвяраваць любую суму. Усе сабраныя грошы пойдуць на закупку спецыялізаваных сродках абароны для супрацоўнікаў інтэрнатаў: супрацьэпідэмічных касцюмаў, рэспіратараў, акуляраў ды інш. Ужо першая партыя была накіраваная ў дзіцячы дом-інтэрнат у Чэрвені, дзе таксама ёсць выпадкі захворванняў на каронавірус.

Ева Бардзілоўская, Беларускае Радыё Рацыя