Інтэрнэт-махляры пачалі завабліваць прадукцыяй з нацыянальнымі сімваламі
Махляры актыўна карыстаюцца прагай дурняў на танны тавар, асабліва калі шырокую папулярнасць набылі апошнія гады беларускія нацыянальныя сімвалы і прадукцыя на гэтую тэму. Ужо з’явіліся першыя пацярпелыя. Прычым, атрымаўшы грошы ад даверлівых пакупцоў, махляры знікалі з інтэрнэт-прасторы, закрыўшы акаўнт.
Засцерагае пра небяспеку падманаў прадавец крамы „Адметнасць” у Гародні Сяргей Верамеенка:
– Нам сталі паведамляць нашыя пакупнікі пра тое, што з’явіліся інстаграмаўскія акаўнты, якія прапануюць падобныя на нашыя тавары з нацыянальнай, патрыятычнай сімволікай па цэнах значна ніжэйшых чым у падобных крамах, што гандлююць афіцыйна. У выніку людзі адпраўляюць свае грошы і гэтыя грошы знікаюць. Гэтыя акаўнты з’яўляюцца літаральна на некалькі дзён і затым іх няма. Рэкамендую такім людзям, якія пацярпелі ад падобных махляроў, канешне, звяртацца ў міліцыю.
Дарэчы, махляры часта карыстаюцца здымкамі, якія ўзялі з вядомых віртуальных і фізічных крамаў „Крама Росквіт”, „Князь Вітаўт”, „Адметнасць”, Symbal.by ды іншых. Будзьце ўважлівыя і не паддавайцеся спакусе. Дарэчы, падобныя крамы-махляры на іншых тэмах прадукцыі даўно атабарыліся на Фэйсбуку. Сяргей Верамеенка перакананы, што звароты пацярпелых у пракуратуру, Следчы камітэт, міліцыю дапамогуць выкрыць махляроў па банкаўскіх картках.
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя