Інцыдэнты з антыбіётыкам каментуе гарадзенскі медык



У перыяд з 16 па 20 студзеня ў Беларусі ад анафілактычнага шоку пасля ўвядзення антыбіётыка, а ў прыватнасці цэфтрыаксона з лідакаінам, памерла жанчына і пацярпелі два дзіцяці. «Сітуацыя нестандартная, але не трэба запалохваць насельніцтва”, — заявіў журналістам віцэ-прэм’ер Беларусі, былы міністр аховы здароўя Васіль Жарко.

«Нельга лічыць нармальнай сітуацыю, калі ад выкарыстання антыбіётыкаў гінуць людзі.  Доктар медыцынскіх навук прафесар Алесь Астроўскі каментуе словы былога міністра аховы здароўя. Пакуль выпуск і выкарыстанне гэтага лякарства расейскай ці польскай вытворчасці ў Беларусі пад часовай забаронай, адзначае Алесь Астроўскі.

– Гэта правільнае рашэнне. Далей трэба, каб абавязкова сабраліся навукоўцы і высвятлялі што з гэтай сітуацыяй рабіць. Паколькі забаронена выкарыстанне антыбіётыка, значыць яны вымушаныя будуць абыходзіцца без яго. Антыбіётыкаў шмат, толькі не ўсе з іх эфектыўныя. Адбываецца прывыканне мікраарганізмаў да кожнага новага антыбіётыка. Многім людзям будзе складана падабраць нейкі антыбіётык, які ім будзе дапамагаць. Магчыма  менавіта той, які зараз выключаны і забаронены да выкарыстання і продажу,  і дапамагаў бы.

Доктар медыцынскіх навук, прафесар Алесь Астроўскі з Гародні лічыць, што такіх выпадкаў можна было б пазбегчы пры іншым падыходзе да пацыентаў:

– Выйсце заключаецца ў тым, што, відаць прыйдзецца распрацоўваць новы пратакол, калі не проста прызначаюцца антыбіётыкі, і хворы ідзе купляе іх. А перад выкарыстаннем антыбіётыка лекары мусяць праверыць заранёў бяспечнымі метадамі – будзе ў пацыента на гэты антыбіётык анафілактычная рэакцыя ці не.

Прэпараты, якія выклікалі алергічную рэакцыю, пакуль не прадаюцца. Часовая забарона будзе дзейнічаць да высвятлення прычын, па якіх у жанчыны развіўся анафілактычны шок. Таксама  Міністэрства аховы здароўя прыпыніла ў Беларусі практыку развядзення антыбіётыкаў і прымянення іх з лідакаінам.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя