Дыскрымінацыя правоў інваліда па-беларуску
Адносіны да інвалідаў у Беларусі гуманныя толькі на паперы. На практыцы атрымліваецца супрацьлеглае. Гэта паказаў судовы працэс у Баранавіцкім судзе па справе інваліда 2-й групы 52-гадовага Уладзіміра Сідарэнкі.
Мужчына адпрацаваў на малочным камбінаце ў Баранавічах без малога 20 гадоў. Праз 10 гадоў працы атрымаў трэцюю групу інваліднасці. На медычныя прадпісанні Сідарэнку кіраўнікі розных рангаў прадпрыемства не звярталі ўвагі, а кантракт не дазваляў адмаўляцца ад іх незаконных указанняў. Праз чарговыя 10 гадоў атрымаў другую непрацоўную групу інваліднасці з пенсіяй у 345 рублёў. Звальненне адбылося таксама не па-чалавечы, кажа Уладзімір Сідарэнка:
– Я быў звольнены, калі знаходзіўся ў Берасці на МРЭК, не па артыкуле Працоўнага кодэксу, які азначае, што я атрымаў групу інваліднасці. Мяне звольнілі ў сувязі з немагчымасцю выканання працы.
Сведчанні спецыялістаў камбіната паказалі іх непрафесіяналізм і абыякавасць да лёсу і здароўя работнікаў, гаворыць прававы інспектар прафсаюза РЭП Уладзімір Малей:
– Наймальнік прымушаў выконваць тую работу, якая яму забаронена індывідуальнай праграмай рэабілітацыі інваліда. А гэтая праграма абавязковая для наймальніка. А ў судзе ён гэта адмаўляе, маўляў, я не памятаю, я не даваў такіх загадаў і не мог даць.
Канчатковае рашэнне суда стане вядома 18 студзеня. Сідарэнка патрабуе змяніць фармулёўку звальнення, выплаціць трохмесячную дапамогу і маральную шкоду.
Цалкам матэрыял у далучаным гукавым файле:
Беларускае Радыё Рацыя