Інвалід вінаваціць сістэму
Інвалід 2 групы з вёскі Дзевяткі Кобрынскага раёна Аляксандр Краўчук паставіў у вядомасць мясцовы райвыканкам, менавіта старшыню райвыканкама Міхаіла Грышкевіча, пра тое, што 24 студзеня выйдзе на гарадскую плошчу з плакатам: “Самазванец, сыходзь!”.
„Дзяржава праз штраф за пачышчаны вадаём на маім прысядзібным участку аставіла мяне на галоднае існаванне. З пенсіі ў 371 рубель пасля вылічэння штрафу застаецца 95 рублёў”, – кажа Аляксандр Краўчук:
– Я яму напісаў, што паведамляю: 24 студзеня я выходжу на пікет пад лозунгам: «Самозванец, уходи». Яны ўсе там пераглянуліся. І ён кажа: „Што вы мне паведамляеце, гэта ж трэба па закону”. „Які закон? – кажу, і дадаю: – Я па Канстытуцыі жыву”.
Паводле Аляксандра Краўчука, яго цяжкая сітуацыя не аставіла яму выбара. На яго ўтрыманні двое дзяцей, пенсія мізэрная, работы няма. За выкапаны вадаём, на якім планаваў вырошчваць лякарственныя расліны, атрымаў штраф у 5000 рублёў нібы за экалагічную шкоду. Цяпер упарадкаваны вадаём адыйшоў дзяржаве. Інвалід вінаваціць у такой сітуацыі сістэму, якую стварыў за 25 гадоў Аляксандр Лукашэнка.
Беларускае Радыё Рацыя