Чалавек з інваліднасцю згубіў жыллё з-за дзеянняў улады



Жыхар аграгарадка Першамайская інвалід 3-й групы 59-гадовы Віталь Сакута стаў бамжом па віне мясцовай улады. Яго старэнькі дом, размешчаны ў цэнтры Першамайскай, развалілі, пакуль паралізаваны Сакута ляжаў у бальніцы. Пазней узамен прапанавалі непрыгодныя варыянты. Калі інвалід папрасіў мінімальнага рамонту, у жыллі яму было адмоўлена.

Цяпер Сакута вымушаны туліцца па закінутых хацінах. Гаворыць Віталь Сакута:

– Гэта ж больш за 30 гадоў я тут пражыў, дзяцей выгадаваў. Я амаль дваццаць гадоў адпрацаваў у саўгасах. А мне трэба было адпрацаваць 10 гадоў за гэты дом, і ён застаецца за мною.

Стараста Першамайскай Сяргей Барушка не ўхваляе рашэння, паводле якога інвалід пазбавіўся хаты, але лічыць, што выдзелены другі дом мог бы і сам парамантаваць, кажа Барушка:

– Калі заехаць у той дом, дзе ён зараз жыве, то ён будзе значна горшы, чым гэты. Перш за ўсё і яму трэба нешта рабіць, а не толькі гарэлку піць.

Віталь Сакута мае праблемы з гарэлкай, але злосным выпівохам яго па знешнім выглядзе не назавеш.

Патрабаваць рамонту старэнькага дома узамен разваленага ад кульгавага чалавека з адной рабочай рукой бесчалавечна, лічыць экс-кандыдат у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў  у Першамайскай Валянцін Лазарэнкаў:

– Сакута не патрабуе дварца, а старое жытло з мінімальнымі ўмовамі ўзамен свайго.

Дарэчы, на сядзібе, дзе прапісаны інвалід, ужо закладзены новы фундамент.

Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным гукавым файле:

Беларускае Радыё Рацыя