“IPOWER” хоча ад праціўнікаў акумулятарнага завода грошай за адвакатаў
2271 беларускі рубель і 13 капеек спрабуюць спагнаць з праціўнікаў будаўніцтва акумулятарнага завода на карысць кампаніі “IPOWER”. Пра гэта паведамляе Instagram-канал “stopzavod”. Менавіта столькі акумулятарная кампанія выдаткавала на паслугі іхняга прадстаўніка ў судзе, які ў выніку стаў на бок забудоўшчыка.
Нягледзячы на гэта, людзі працягваюць пратэсты, салідарызуюцца і не збіраюцца спыняцца:
– Мы супраць будаўніцтва акумулятарнага завода ў нашым горадзе. Мы ведаем прадстаўніцтва завода з першых грамадскіх абмеркаванняў. Перадусім – нашае здароўе і здароўе нашых дзяцей. І гэта нельга параўноўваць ні з чым. І калі гэты завод пабудуецца, патрэбна будзе будаваць і новы анкадыспансер.
Спагнаць 2271 беларускі рубель і 13 капеек суд пастанавіў сукупна з грамадскага аб’яднання “Экадом” і яшчэ траіх грамадзян з ліку праціўнікаў будаўніцтва завода. У адмысловым Viber-канале пратэстоўцаў ужо каля 20 чалавек запэўнілі, што дапамогуць сабраць неабходную колькасць грошай. Акрамя паразаў у судах, працягваецца і адміністрацыйны ціск на актывістаў. Гэтак суд адмовіў звольненай Таццяне Фесікавай у аднаўленні на працы ў шпіталі, адкуль яе звольнілі адразу пасля таго, як яна выступіла адным з арганізатараў 2000-тысячнага мітынгу пад назвай “Берасцейскі супраць свінца”.
Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце