Ірына Халіп: Вяртаемся на вуліцы!
Па словах журналісткі і жонкі былога кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава Ірыны Халіп, якая вылучалася на выбары ў Палату прадстаўнікоў, але была знятая, апазіцыйныя кандыдаты, у прыватнасці кандыдаты ад грамадскай ініцыятывы «Еўрапейская Беларусь», выкарысталі выбарчую кампанію на 100 адсоткаў.
Калі казаць бюракратычным стылем, дык была праведзена вялікая праца з людзьмі. І гэта вельмі важна, таму што пакуль нас не будзе многа, мы нічога не зменім. Наіўна думаць, што дастаткова нейкіх заклікаў у сацыяльных сетках і сайтах, і ў падтрымку дэмакратычных кандыдатаў прыйдуць сотні тысячаў. Для гэта патрэбна цяжкая штодзённая праца. І мы яе пачалі, – кажа Ірына Халіп.
– Мы падчас збору подпісаў хадзілі па хатах, мы знаёміліся з новымі людзьмі. Вельмі многія выказалі жаданне да нас далучыцца. У нас з’явіліся, сапраўды, новыя маладыя актывісты. І ў пікетах людзі падыходзілі і казалі ўсе, што яны нас падтрымліваюць, што таксама хочуць зменаў. А мы ў адказ казалі, што мы можам гэта толькі разам зрабіць, таму што, выбачайце, але проста маральная падтрымка нічога не дасць. Гэта якраз тое, у чым мы павінны ўсіх пераканаць. Вяртаемся на вуліцы!
Калі нас будзе многа, то мы зможам дабіцца ўсяго, чаго хочам, – кажа Ірына Халіп.
Беларускае Радыё Рацыя