Ірына Леўшына: Улады выкарысталі БелТА самым бессаромным чынам
У офісах недзяржаўнай інфармацыйнай кампаніі БелаПАН і партала TUT.BY. Следчы камітэт праводзіць вобшукі. Затрыманы журналіст БелаПАН Таццяна Каравянкова, а таксама галоўны рэдактар TUT.BY Марына Золатава, рэдактары Галіна Уласік і Ганна Калтыгіна.
Як паведаміў Следчы камітэт, заведзена крымінальная справа па частцы 2 артыкула 349 КК (несанкцыянаваны доступ да камп’ютарнай інфармацыі). Заяву аб доступе пад чужымі паролямі да інфармацыйнай стужкі дзяржаўнага інфармацыйнага агенцтва БелТА напісала яго кіраўнік Ірына Акуловіч.
Па словах рэдактара інфармацыйнай кампаніі БелаПАН Ірыны Леўшынай, у яе моцнае падазрэнне, што калег з БелТА проста выкарыстоўваюць:
– Калі б у іх былі нейкія прэтэнзіі датычна выкарыстання іх інфармацыі, то ў журналісцкіх колах прынята папросту адзін з адным пагаварыць, абмеркаваць, выясніць, адкуль ногі растуць, і ўсё. А такі шум, такі скандал адбываецца, ды не толькі з намі, але і з буйнейшым недзяржаўным парталам – гэта дае ўсе падставы меркаваць, што ўлады выкарысталі БелТА самым бессаромным чынам, і БелТА самым бессаромным чынам сябе павяла. Так, мы выкарыстоўвалі паведамленні БелТА, але мы бралі іх у адкрытым доступе і заўсёды давалі гіперспасылку на БелТА. І ў нас усе матэрыялы з гіперспасылкай на БелТА ішлі ў адкрытым доступе.
Таму абсурдна прад’яўляць абвінавачванні, што мы ў карысных мэтах незаконна бралі гэтую інфармацыю, – сказала Ірына Леўшына. Хутчэй за ўсё справа ў іншым: пачынаецца маштабны наступ на недзяржаўныя СМІ, паколькі выбары не за гарамі, а сітуацыя ў эканоміцы і ўвогуле ў краіне не лепшая.
Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск
Фота TUT.by