Ірына Сіняпкіна: У Берасці сітуацыя з бадзяжнымі жывёламі непрымальная
Берасцейскія гарадскія ўлады не адрэагавалі на зварот у пытанні бадзяжных жывёлаў. Адкрыты ліст да кіраўніка гарадскога выканаўчага камітэту Аляксандра Рагачука, а таксама ў пракуратуру, накіроўвалі абаронцы правоў жывёлаў. «Нягледзячы на наш зварот, у „Камунальніке” працягваюць здзеквацца з жывёлаў і тлумачаць гэта помстай за нашыя актыўныя дзеянні ў абарону бяздомных сабак і катоў», – адзначае абаронца жывёлаў Ірына Сіняпкіна.
– Я думаю, чаму ўлада не адрэагавала, бо нейкія асобныя людзі выказалі сваю думку, такія, як я, неабыякавыя. Для ўлады хто мы такія наогул. Мы ніхто. Не падабаецца вам дзеянні Сіняпкінай, тады помціце Сіняпкінай, калі вы такія помслівыя. Прычым тут гэтыя бедныя сабакі. Было б з боку „Камунальніка” прыгожа, высокародна і па-добраму, калі б яны, нягледзячы на мае заявы ў пракуратуру, аддалі б сабак “Дабрыні”.
Калі Берасце стала адной з культурных сталіцаў Беларусі, то варта звярнуць увагу і на культурнае абыходжанне з бадзяжнымі жывёламі, – лічаць абаронцы жывёлаў.
Беларускае Радыё Рацыя