Ірына Сухій: Рызыка пасля ўводу ў дзеянне АЭС вельмі вялікая



Беларускія экалагічныя арганізацыі і партыі, якія аб’ядналіся ў Беларускую антыядзерную кампанію, патрабуюць спыніць будаўніцтва Астравецкай АЭС.

Па словах кіраўніка грамадскай арганізацыі „Экадом” Ірыны Сухій, выбух ракеты на ядзерным паліве пад Северадзвінскам у Архангельскай вобласці Расеі, рэактар якой быў распрацаваны „Расатамам”, з новай вастрынёй паставіў пытанне аб Астравецкай АЭС у Беларусі, рэактары для якой распрацаваны гэтай жа карпарацыяй „Расатам”. Тым больш, што не так даўно прагучалі заявы аб тым, што ўжо 1 кастрычніка на беларускую АЭС будзе завезена ядзернае паліва.

– На самой справе яшчэ не распрацаваны стратэгія і план дачынення з радыёактыўнымі адходамі – дзе яны будуць захоўвацца, як гэта будзе адбывацца. Было толькі абмеркаванне канцэпцыі стратэгіі дачынення з адходамі. То бок, дакумента яшчэ няма, ён не абмеркаваны, не ўхвалены, і зусім не зразумела, як гэта будзе адбывацца. Гэта даволі безадказна, пачынаць карыстацца ядзерным палівам, не разумеючы, што з усім гэтым будзе потым.

Па словах Ірыны Сухій, рызыка пасля ўводу ў дзеянне АЭС вельмі вялікая, каб яе проста так ігнараваць. І гэта тычыцца не толькі беларускага грамадства, але і Еўрапейскага Звязу, на мяжы з якім АЭС будуецца.

Ірына Сухій заклікала грамадзянаў падпісаць петыцыю эколагаў аб спыненні будаўнітва станцыі. Дакумент размешчаны ў інтэрнэце, у прыватнасці на сайце Экадом

Беларускае Радыё Рацыя