Ірына Траццякова: У гісторыі Беларусі такога „судовага канвеера” яшчэ не было
Віцебская праваабаронца імкнецца адсачыць усе судовыя працэсы, дзе мясцовых жыхароў караюць за ўдзел у так званых несанкцыянаваных масавых мерапраемствах – мірных пратэстаў, якія праходзяць пасля прэзідэнцкіх выбараў. Але зрабіць гэта вельмі цяжка, бо ў гісторыі Беларусі ніколі раней не было такога інтэнсіўнага судовага канвеера: працэсы штодня йдуць ва ўсіх трох раённых судах Віцебска.
Пераважная большасць падсудных – гэта тыя, хто трапіў пад увагу міліцыі і суду ўпершыню, таму Ірына Траццякова звяртаецца да такіх людзей з прапановамі дапамогі:
– Яны не ведаюць, што маюць права знаёміцца з матэрыяламі справы, што маюць права на дапамогу абаронцы. Многія робяць тое, што ім кажуць супрацоўнікі органаў унутраных справаў: “Падпішыце пратакол, інакш мы вас затрымаем у ІЧУ”. І многія падпісваюць, толькі каб спаць ноччу ў сваім ложку, а не на нарах у ізалятары. А гэта не тое што парушэнне правоў чалавека, – гэта поўны абсурд! Пачалі крымінальнымі справамі палохаць. Зафіксаваны факты і псіхічнага, і фізічнага ціску, і ціску праз непаўналетніх дзяцей.
Цалкам гутарку з праваабаронцай Ірынай Траццяковай слухайце ў далучаным файле.
Ірына Траццякова нагадвае, што праваабаронцаў, каб пракансультавацца з імі, можна знайсці ў сваім рэгіёне, а таксама можна звязацца з праваабарончым цэнтрам “Вясна”, каб атрымаць кансультацыю там. Лепей зрабіць гэта яшчэ да суда, каб мець магчымасць абараніцца, а не толькі падаць скаргу на судовую пастанову. Таксама праваабаронца раіць звяртацца на сайт Probono.by – гэта інфармацыйны цэнтр адкрытых ініцыятываў дапамогі пацярпелым. Тут дапамогуць знайсці адваката, юрыста, псіхолага ды іншую дапамогу, неабходную ў кожным канкрэтным выпадку.
Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя