Ірына Вештард: Падчас выбараў Захаду прададуць іншы тавар…



Намесніца старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ірына Вештард патлумачыла, чаму “варта прымаць удзел у выбарах, якіх няма”.

Ірына Вештард: Калі б Цэнтрвыбаркам пагадзіўся ўнесці ў выбарчае заканадаўства тыя змены, што прапаноўвала дэмакратычная грамадскасць (найперш па працэдуры падліку галасоў), то з усім маім недаверам да ўлады, я, напэўна, убачыла б імкненне дэмакратызавацца.

Але ўпэўнена, што выбары правядуць абсалютна па старых законах, а таму празрыстасці чакаць тут не даводзіцца. А ўзамен Захаду прададуць іншы тавар – у парламент прапусцяць некалькі больш-менш дэмакратычных, але не радыкальных кандыдатаў.

РР: У такім выпадку, калі выбараў няма, то ці варта наогул у іх удзельнічаць?

Ірына Вештард: Складанае пытанне. З аднаго боку такія выбары і насамрэч – адна суцэльная імітацыя. А з іншага – калі партыі не прымаюць удзел у буйных палітычных кампаніях, то яны могуць закасцянець.

Таму партыі павінны нейкім чынам прымаць удзел у выбарчых кампаніях, хаця выніку не варта чакаць. Але кампаніі трэба выкарыстоўваць. Калі мы кажам, што выбары непразрыстыя, то гэта проста словы. А патрэбны фактычныя доказы. Іх можна сабраць толькі тады, калі сам прыняў удзел у выбарчай кампаніі і на свае вочы ўбачыў, што адбываецца.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя