Ірына Віяленцій: Як і хто вынішчалі “нацыянальны здабытак” Беларусі
Споўнілася 20 год з дня смерці выдатнага навукоўца-біёлага Георгія Віяленція.
У 1985 годзе яму ўдалося прыжыць на беларускай глебе знойдзеныя ім у вандроўках па аблогах Сіхотэ-Аліня карані жэньшэня – цудадзейснага, паводле адмыслоўцаў, па лекавых якасцях. Дарэчы, і там адна расліна сустракаецца на тысячу га лесу. У нас жа плантацыя дасягнула 6 га і была прызнаная Еўразвязам буйнейшай у свеце. Сабраны быў і рэкордны ўраджай – да 7 тонаў з га.
Лекавы сад Віяленція называлі „нацыянальным здабыткам Беларусі”. Асабліва ўзрасло значэнне створанай ім плантацыі ды лекавай аптэкі пасля Чарнобыля.
“Абвал пачаўся яшчэ на пачатку тысячагоддзя, калі былы кіраўнік адміністрацыі прэзідэнта Жураўкова дамаглася, каб фабрыка гародніны, дзе й быў лекавы сад, была перададзеная яе структуры „Белзнешнегандльінвеэсту”. І ўсе плошчы сталі – цытую па следчаму дакументу – „бясплатнай базай для захоўвання трактароў, што рэалізоўваліся ў Расеі праз падстаўныя фірмы”.
Так плантацыя была „цынічна і жорстка” выкарчаваная па загаду апошняга кіраўніцтва фабрыкі, ужо камерцыйнай структуры.
…Мы сядзім у прасторнай залі ў хаце спадарыні Віяленцій. П’ем з Ірынай Канстанцінаўнай не гарбату – сапраўдную амброзію з 33 траваў, якую выраблялі ў цэху, якім яна загадвала. Ірына Канстанцінаўна аддаецца не самым вясёлым ўспамінам.
Ірына Віяленцій: У 1985 маім мужам, Віяленціям Георгіям Іванавічам, пры саўгасе „Менская фабрыка гародніны” быў закладзены лекавы сад. Быў яблыневы сад, больш за 50 сартоў бэзу – звозілі з усіх куткоў Савецкага Саюза. Калі прыйшоў сюды апошні дырэктар Парчэўскі, выкарчаваў сад, бэз, на мэтраў 500 алею туі. Цяпер з вакон відаць голае поле. Калі я пісала ў пракуратуру, што выкарчавалі, выразалі больш за 3 тысячы дрэў, дык прыйшоў выдадзены заднім днём дазвол райвыканкама, на які спасылаліся гэтыя людзі. Бярозы, каштаны здаровыя, 0,5 га элеўтаракока бульдозерам, аблепіхі таксама 0,5 га – ні адзін волас за гэта не ўпаў з галавы ў чалавека! Вы не ўяўляеце, які цуд быў, калі бэз па перыметру ў 2 км квітнеў на розныя колеры, адценні! Цяпер за вокнам ў мяне 6 га „гуляе”. Калі ставілі агароджу, мы прасілі – аднясіце, бэз і яблыні засталіся б на нашым баку, мы б прывялі ў парадак. Дык выгарадзілі нас з 4 бакоў, як жывёлу…
РР: Ваш Георгій з’яўляецца вам у снах?
Ірына Віяленцій: Цяпер радзей. Я не змагла захаваць тое, што з такой цяжкасцю было ім узнята крывёю і потам. Жэньшэню было 3,5 га ў 2000 годзе. Мяне – смешна сказаць – звольнілі па артыкулу „за сістэматычнае невыкананне службовых абавязкаў”. Хоць увесь саўгас працаваў ва ўбытак, а наша плантацыя з прыбыткам. У нас была аптэка, усю Беларусь забяспечвалі травамі – санаторыі, паліклінікі, нават садкі дзіцячыя бралі…
РР: Тады з захапленнем пра жэньшэневы ўчастак гаварылі такія розныя па поглядах людзі, як Зянон Пазьняк ды Вячаслаў Кебіч…
Ірына Віяленцій: Зянон Пазьняк ня вельмі ў гуморы быў, а калі пабываў на плантацыі, сказаў – „а ведаеце, на душы пасвятлела”. А Кебіч спытаў у Георгія – „скажыце, а зачэм вам усё гэта?” Муж адказаў – „а вось аддзеліцца Расея ад Савецкага Саюза, а ў Беларусі застанецца кавалак усурыйскай тайгі”. Ад карыслівасці ўсё зруйнавана ў 2004-5 гадах. Мы планавалі аддзяліцца ад саўгаса, было рашэньне Дамашкевіча, старшыні аблвыканкама. Але Парчэўскі менавіта на плянтацыі хацеў свой аграгарадок разьмясьціць. Я схадзіла на прыём да мэра Паўлава, тармазнулі, але ўсё ўжо было зроблена. Калі муж мой памёр, быў названы лекавы сад імя Віяленція. Адмянілі імя – а як жа было карчаваць?!А мужу за сад было прысвоенае званне заслужанага работніка сельскай гаспадаркі. Са славутага Стабердзінскага запаведніка доктар навук Малышаў называў нас „флагманам жэньшэневодства”. Нават кітайцы прыяжджалі і казалі, што ўсё вельмі цудоўна. Гэта была жамчужына Беларусі! Мы марылі аб’яднаць дзяржаўныя, прыватныя, фермерскія гаспадаркі ў асацыяцыю, распрацоўваць новыя тэхналогіі ў народнай медыцыне, рабіць травяныя таблеткі па тыпу індыйскіх…
РР: Вы мне казалі, што жэньшэнь – думаючыя расліны, якія маюць сваю душу…
Ірына Віяленцій: „Канешне, маюць! Гэта жывыя істоты, больш тонкія, чым мы. Мы іх толькі можам калечыць. Жыву надзеяй на тое, што лекавы сад павінен адрадзіцца. На выхадныя больш за 25 чалавек сабралася ў нас у хаце. Успаміналі-успаміналі і сказалі, што каб прыйшоў час, калі лекавы сад ажыве, многія прыйшлі б ізноў туды працаваць…
У 1991 плантацыя асягнула 6 га і была прызнаная Эўрапейскім саюзам ахоўных тэрыторый “буйнейшай у свеце” жэньшэневай гаспадаркай. У 1998 муж і жонка Віяленцій сталі лаўрэатамі “FORD UNION” – прэстыжнай прэміі Генры Форда “за ўратаванне ўнікальных плантацый”.
Віталь Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя
На здымку: Ірына Віяленцій