Ірына Віяленцій: Ярмошынай даўно пара варыць боршч на пенсіі
Паводле нядаўняга апытання Незалежнага інстытута эканамічных ды палітычных доследаў, узяць удзел у прэзідэнцкіх выбарах мяркуюць каля 70 % выбаршчыкаў. За кожнага ж з апазіцыйных кандыдатаў сёння прагаласавала б не больш за 5 %. У той жа час, паводле чытачоў незалежных сайтаў, да 60 % збіраюцца выбары байкатаваць.
Лаўрэат прэстыжнай прэміі Генры Форда, вядомы раслінавод Ірына Віяленцій, што шмат год паклала на змаганне з лукашэнкаўскімі ўладамі за ўратаванне ўнікальных плантацый жэньшэню, выказалася ў інтэрв’ю нашаму радыё пра сваё стаўленне да выбарчай кампаніі.
– Якія там выбары?! Я ўжо даўно не хаджу! І не пайду. Ужо спадарыні Ярмошынай даўно пара на пенсію. Яна мабыць мая равесніца, а яна ўсё там працуе і пенсія ў яе мабыць вялікая. А вось як мне на мае 3 мільёны пражыць? А ў другіх пенсіі яшчэ меншыя. Як жыць, калі ты лічыш гэтыя капейкі?! Хай бы яна ўжо ішла ды варыла боршч. Чаго я пайду на гэтыя выбары, калі мой голас ніхто не ўлічвае? Для чаго ў нас, скажыце, гэтае датэрміновае галасаванне? Аж цэлую нядзелю можна хадзіць кідаць бюлетэні. Для чаго?!
У 1991 айчынная плантацыя асягнула 6 га і была прызнаная Еўрапейскім саюзам ахоўных тэрыторый “буйнейшай у свеце” жэньшэневай гаспадаркай. У 1998 муж і жонка Віяленцій сталі лаўрэатамі “FORD UNION” – прэміі Генры Форда “за ўратаванне ўнікальных плантацый”. Пасля чаго напачатку веку “цынічна і жорстка” была выкарчаваная пасля загаду былога кіраўніка прэзідэнцкай адміністрацыі Галіны Жураўковай.
Беларускае Радыё Рацыя