Ірыне Леўшынай на два месяцы працягнулі ўтрыманне пад вартай
Дырэктарцы і галоўнай рэдактарцы інфармацыйнай кампаніі «БелаПАН» Ірыне Леўшынай, затрыманай 18 жніўня, яшчэ на два месяцы працягнулі меру стрымання ў выглядзе ўтрымання пад вартай, паведаміла калегам яе дачка Ганна.
Не выйшаў на волю пасля двух месяцаў утрымання пад вартай і былы дырэктар агенцтва Дзмітрый Наважылаў. Афіцыйнай інфармацыі аб працягненні яму меры стрымання пакуль няма, перадаюць naviny.online.
Леўшынай і Наважылаву прад’яўленыя абвінавачанні па ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэкса («Ухіленне ад выплаты падаткаў, што пацягнула за сабой прычыненне шкоды ў буйным памеры»).
З 12 студзеня пад вартай знаходзіцца медыяменеджар Андрэй Аляксандраў, які працаваў намеснікам дырэктара «БелаПАН» у 2014-2018 гадах. Першапачаткова Аляксандраву было прад’яўлена абвінавачанне па ч. 1 і 2 арт. 342 Крымінальнага кодэкса («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх»).
«Устаноўлена, што 42-гадовы Андрэй Аляксандраў і яго 31-гадовая сужыцелька Ірына Злобіна са жніўня 2020 года займаліся фінансаваннем асоб, якія прымалі ўдзел у масавых беспарадках і іншых пратэсных акцыях на тэрыторыі горада Менска, у тым ліку шляхам аплаты штрафаў, кампенсацыі ўтрымання ў ЦІПе і ІЧУ і гэтак далей», — заявіў пасля затрымання намеснік міністра ўнутраных спраў Генадзь Казакевіч.
Паводле яго слоў, з 22 жніўня да 9 лістапада 2020 года Аляксандраў і Злобіна аплацілі больш за 250 штрафаў розным асобам. Грошы для гэтых мэт былі прадастаўлены фондам By_help.
30 чэрвеня Аляксандраву прад’явілі яшчэ адно абвінавачанне — па ч.1 арт. 356 КК («Здрада дзяржаве»).
31 жніўня яго прызналі падазраваным, а пазней прад’явілі абвінавачванне па ч. 2 арт. 243 КК («Ухіленне ад выплаты падаткаў, што пацягнула за сабой прычыненне шкоды ў буйным памеры»).