Ірыну Леўшыну і Дзмітрыя Наважылава перавялі ў СІЗА на Валадарскага



Дырэктарку і галоўную рэдактарку БелаПАН Ірыну Леўшыну і былога дырэктара агенцтва Дзмітрыя Наважылава перавялі з ІЧУ на Акрэсціна ў СІЗА на Валадарскага ў Менску.

Жонка Наважылава паведаміла, што 28 жніўня ў «Валадарцы» ў яе прынялі перадачу для мужа. Дачка Леўшынай мяркуе, што яе маці таксама знаходзіцца на Валадарскага, бо скончыліся 10 дзён, пасля чаго Наважылаву і Леўшынай павінны былі абраць меру стрымання або вызваліць.

Леўшына і Наважылаў былі затрыманыя 18 жніўня. Таксама 18 жніўня была затрыманая бухгалтарка БелаПАН Кацярына Боева. Раніцай 28 жніўня яе выпусцілі на волю пад абавязальніцтва пра яўку.

Следчы камітэт паведаміў, што супраць палітзняволеных супрацоўнікаў беларускага інфармацыйнага агенцтва БелаПАН Андрэя Аляксандрава, Дзмітрыя Наважылава, Ірыны Леўшынай, а таксама іншых асобаў распачатая крымінальная справа па ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (ухіленне ад выплаты падаткаў, якое пацягнула прычыненне шкоды ў буйным памеры).