Ірыну Леўшыну пакінулі за кратамі яшчэ на два месяцы
Дырэктара і галоўнага рэдактара інфармацыйнай кампаніі БелаПАН (у лістападзе прызнана ў Беларусі „экстрэмісцкім фармаваннем”) Ірыну Леўшыну пакінулі за кратамі яшчэ на два месяцы.

Пра гэта яна напісала ў лісце сваякам, паведамляе Беларускі партал навінаў.
Ён адзначае, што на волю не выйшаў і былы дырэктар БелаПАН Дзмітрый Наважылаў, таму і яму маглі працягнуць тэрмін утрымання пад вартай.
Леўшына была затрыманая ў жніўні 2021-га. Тады ж схапілі і Наважылава. Спачатку ім выставілі абвінавачванні ва „ўхіленні ад выплаты падаткаў, што пацягнула прычыненне ўрону ў буйным памеры”. У лістападзе дадалося абвінавачванне ў „стварэнні экстрэмісцкага фармавання”.
Праваабаронцы прызналі Ірыну Леўшыну і Дзмітрыя Наважылава палітвязнямі.
