Іван Бедка: Беларусаў знішчаюць каронавірусам



Грамадскі актывіст са Слоніма Іван Бедка каля 40 гадоў адпрацаваў у медыцынскіх установах. Для нашага радыё ён вырашыў выказаць сваю ўласную думку наконт сённяшняй сітуацыі з каронавірусам у Беларусі.

Іван Бедка, у прыватнасці, сказаў:

На днях давялося глядзець і слухаць, як Аляксандр Лукашэнка нёс з экрана БТ ахінею, што беларускі каронавірус лечыць анкалогію і грып, а людзі меней хварэюць імі. Мне як медыку з саракагадовым стажам балюча гэта слухаць і глядзець. Ён адкрыта здзекваецца з беларусаў. Падчас чацвёртай хвалі пандэміі каронавіруснай інфекцыі, Лукашэнка крытыкуе міністра аховы здароўя за тое, што той увёў маскавы рэжым і патрабуе ад беларусаў вакцынавацца. А вось апараты штучнай вентыляцыі лёгкіх закупляць не будзе.

Нехта скажа, што маска не выратуе ад каронавірусу.  Але ж, той, хто яшчэ не хварэе пры кантакце з разносчыкам віруса, нашмат меней удыхне ад яго вірусаў, чым без маскі, гэтым самым ён аблегчыць барацьбу свайго арганізма з інфекцыяй. Што датычыцца хворага, які яшчэ не адчувае сімптомаў, ён, носячы маску, у некалькі разоў меней заразіць акружаючых. Але маску патрэбна насіць правільна. Што датычыць вакцынацыі, то найперш, чым зрабіць прышчэпку, патрэбна праверыцца, ці не хварэеш ты сам. Бо, калі ты хварэеш і яшчэ ўвядзеш вірус, то гэта дадатковая нагрузка на імунную сістэму, і ці вытрымае яна гэта ўсё – застаецца пад пытаннем. Адсюль могуць быць і розныя ўскладненні.

Зразумела, што ва ўмовах той хлуслівай афіцыйнай прапаганды, беларусы не давяраюць тым вакцынам, якія ёсць у Беларусі. Таму, што невядома, чым запоўнены тыя ампулы. Зыходзячы з афіцыйнай статыстыкі аб хворых і памерлых, і слухаючы інфармацыю тых медыкаў, якія асмельваюцца казаць праўду, што насамрэч адбываецца, людзі ў Беларусі зусім заблыталіся, таму паводзяць сябе разгублена.

Я хачу сказаць усім толькі адно: з каронавірусам жартаваць не варта, бо ён вырашае: ці жыць нам, ці памерці.А тое, што каронавірус вылечвае анкалогію, грып ды іншыя хваробы – гэта поўная лухта. Бо, калі чалавека запіхнуць у чорны мяшок, то з яго ён ужо ніколі не вылезе. Таму, каго з беларусаў не дабілі дубінамі, учыняецца сёння генацыд каронавірусам.

Беларускае Радыё Рацыя