Іван Бедка: У наступным годзе муры рухнуць…
Чым адметным быў і застаўся ў нашай гісторыі 2020 год? Такое пытанне карэспандэнт Радыё Рацыя задаў слонімскаму грамадскаму актывісту, кіраўніку Слонімскай суполкі БХД, сябру Слонімскага згуртавання дэмакратычных сіл Івану Бедку.
На гэта пытанне слонімец Іван Бедка адказаў так:
– Год быў адметны выбарамі прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Выбары 2020 года амаль адразу пачаліся з гвалту і беззаконня. Улада нахабна перашкаджала агітацыйнай кампаніі. Хапалі незалежных ад улады кандыдатаў, шылі ім крымінальныя справы, затрымлівалі сяброў іх ініцыятыўных груп. Не ўключалі ў выбарчыя камісіі незалежных ад улады людзей. Падчас правядзення выбараў з выбарчых участкаў павыганялі незалежных наглядальнікаў, каб ніхто не перашкаджаў фальсіфікаваць выбары. Што ўрэшце і адбылося. Выбары былі сфальсіфікаваныя на карысць А.Лукашэнкі, хаця большасць беларусаў прагаласавала за Святлану Ціханоўскую. Гэта сёння ўжо вядома дакладна ўсім.
Вынікам сфальсіфікаваных выбараў сталі масавыя пратэсты людзей, якія выйшлі адстойваць свае галасы. Каб спыніць пратэсты людзей, улада пачала ўжываць гвалт, збіццё, забойствы, арышты, суды, у турмы і цяпер садзяць мірных пратэстоўцаў. Гэты гвалт працягваецца да сённяшніх дзён. Але беларусаў не ўдаецца запалохаць. І ніхто не запалохае ўжо.
Другая адметнасць года – каронавірус, ад якога паміраюць людзі ва ўсім свеце. Але Лукашэнка не пераставаў пераконваць наш народ, што ніякага віруса ён не бачыць і вірус каля яго не лятае. Ён сказаў, што ў нас ад каронавіруса ніхто не памрэ. І нашы медработнікі пачалі “кляпаць” розныя дыягназы, але пра каронавірус не згадвалі. Прайшоў час і нарэшце галоўнаму “медыку” Беларусі дайшло, што такое каронавірус, і што ён ёсць у Беларусі, і нават лятае. Тады ён пачаў хадзіць па бальніцах, нібыта вельмі турбуецца за здароўе грамадзян. Але няўзброеным вокам людзі бачаць, што гэта піяр і паказуха. А каронавірус у Беларусі па-ранейшаму знішчае сотні людзей.
Прыдумаў у 2020 годзе Лукашэнка і народны сход. На маю думку, большасць беларусаў не верыць у гэты “спектакль”, які ўлады называюць народным сходам. Як мы памятаем раней, на гэты сход не змаглі трапіць нават кандыдаты ў прэзідэнты ад народа, іх проста на ўваходзе білі… Большасць з тых, хто ў лютым 2021 года на гэты “спектакль” трапіць, прымалі актыўны ўдзел у фальсіфікацыі выбараў. Таму ўсім патрэбна ўсвядоміць, што тыя дэлегаты могуць там “напрымаць” усяго таго, што патрэбна Лукашэнку. Дзеля гэтага ён і збірае свой сход.
Але я веру, што мы ў наступным годзе пераадолеем усе нягоды і лукашэнкаўскія муры нарэшце рухнуць і пахаваюць свет стары.
З надыходным Новым годам, сябры! Жыве Беларусь!
Беларускае Радыё Рацыя