Іван Бедка: Злачынцы фальсіфікавалі выбары…



Грамадскі актывіст са Слоніма, сябра партыі БХД Іван Бедка – вопытны чалавек па назіранні на выбарах. І сёлета ён працаваў назіральнікам. Як яно адбывалася? Чым запомнілася гэтыя выбары?.. Пра ўсё, што звязана з выбарамі, сёння са слонімцам Іванам Бедкам гутарыць наш карэспандэнт.

– Спадар Іван, Вы, мабыць, ужо шмат гадоў актыўна прымаеце ўдзел у выбарах?

– Я назіраю за выбарамі з 1994 года. І сёлета праводзіў назіранне за выбарамі на Незалежным выбарчым участку № 10 горада Слоніма.

– І як там праходзілі выбары і назіранне?

– Пасля атрымання акрэдытацыі, мне і іншых незалежным назіральнікам было дазволена прысутнічаць на выбарчым участку для галасавання з 4-га па 7-е жніўня з 10 да 19 гадзін. Потым, згодна з пастановай ЦВК, якая супярэчыць Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і Выбарчаму кодэксу, нас не дапусцілі да наглядання. Калі я праводзіў падлік галасоў выбаршчыкаў ля СШ № 8 горада Слоніма, дзе знаходзіўся участак, дырэктар гэтай школы і старшыня выбарчага ўчастка № 11 (у школе былі два выбарчых участкі) Іван Міхальчэня патрабаваў, каб я пакінуў тэрыторыю школы і адышоў за яе тэрыторыю, а то ён выкліча міліцыю. Мне прыйшлося пакінуць школьную тэрыторыю. Хаця ў нядзелю 9 жніўня на школьнай тэрыторыі запалілі мангал і смажылі шашлыкі, на што Міхальчэня ніяк не зрэагаваў. Нас выгналі з тэрыторыі СШ № 8, маўляў, у сувязі з каронавірусам. Але на выбарчых участках тады ніякіх прафілактычных мер супраць каронавіруса не прымалася. Члены камісіі былі без масак і пальчатак, выбаршчыкі за бюлетэні распісваліся адной ручкай, дыстанцыя не выконвалася і г.д. Адным словам, каронавірус быў толькі шырмай для фальсіфікацый выбараў.

-І як праходзіла галасаванне?

–Калі нас не дапусцілі на ўчастак, то яўка выбаршчыкаў адразу вырасла на 30 чалавек. На выбарчых участках №№ 10 і 11 увесь час быў “прахадны двор”, бо там хадзілі розныя людзі, якія не мелі ніякага дачынення да выбараў. А згодна Выбарчага кодэксу на выбарчым участку падчас выбараў могуць знаходзіцца толькі члены камісіі, наглядальнікі, выбаршчыкі, дэпутаты Саветаў і палаты прадстаўнікоў. 9 жніўня ў дзень выбараў да нас на вуліцы падыходзілі людзі, якія прагаласавалі, паведамлялі, што да іх на выбарчым участку № 10 заглядвалі ў кабіну для галасавання члены камісі і казалі, каб не фатаграфавалі бюлетэнь, бо гэта, маўляў, забараняецца выбарчым кодэксам.

– Выбары скончыліся, члены камісій разышліся… Што далей?

-Я хачу звярнуцца да ўсіх членаў камісій. Неўзабаве гэтыя злачынствы будуць расследаваны, бо яны не маюць тэрміну даўніны і маюць тэрміны пакарання. Некаторыя члены камісій кажуць, што фальсіфікацыяй выбараў займаліся старшыня, намеснік і сакратар камісіі. Але ёсць пакаранне і за неданасіцельства аб злачынстве. Праўда, ёсць магчымасць у фальсіфікатараў падстрахавацца ад турмы. Яны павінны напісаць заявы ў пракуратуру аб здзейсненым злачынстве, зрабіць копіі сапраўдных вынікаў выбараў і перадаць звесткі незалежным наглядальнікам і СМІ.

-Спадар Іван, а як галасавалі слонімцы? Ці ёсць якія праўдзівыя факты асабіста ў Вас?

– Напрыклад, па інфармацыі аднаго з членаў камісіі на выбарчым участку № 20 у Слоніме Святлана Ціханоўская набрала 800 галасоў, а Лукашэнка 400. А сапраўдныя бюлетэні спалілі і замянілі ліпавымі. А што яны зробяць з жывымі сведкамі фальсіфікацый?.. Таму ўсё, што сёння адбываецца ў Беларусі – гэта здзейснілі злачынцы з камісій сваімі фальсіфікацыямі.

Беларускае Радыё Рацыя, Слонім