Іван Буднік: З беларускай мовай я нарадзіўся
Нашая родная мова – аснова нацыі, і яе зарука на будучыню. Таму пашырэнне грамады Беларусаў на глебе беларускай мовы і краязнаўства дае надзею на захаванне незалежнасці краіны. Сваім досведам, які вымяраецца доўгім жыццём і вандроўкамі, дзеліцца наш Госць Рацыі – літаратар, краязнаўца Іван Буднік. У гутарцы з карэспандэнтам Якубам Сушынскім, ён раскажа пра свае кнігі, сваю паэзію, сваю філасофію жыцця.
РР: Доўгія гады вы працавалі менавіта на ніве беларушчыны, не толькі ў сістэме адукацыі, але ў вядомай у Беларусі грамадскай арганізацыі Таварыства беларускай мовы. Наколькі вы лічыце існаванне такіх арганізацый, як Таварыства беларускай мовы, як іншых падобных, наколькі яны плённыя, наколькі яны неабходныя? Ці звязваеце вы з імі нейкі аптымізм на будучыню?
Іван Буднік: Калі вярнуцца з таго, што мы пачалі, то няма мне калі аглядвацца на гады. Проста жыву і ўсё. Стараюся штосьці зрабіць, канкрэтнае, карыснае для справы, для будучыні, для сям’і і г.д. А што датычыцца беларускай мовы, то я з ёю нарадзіўся, можна так сказаць. Мова існавала, а я прыйшоў да яе. Прайшоў нейкі час, калі я вучыўся на беларускай мове. Затым прыйшоў час, што я ўвайшоў у рускую мову. Гэта была і школа, і інстытут, і войска. Праца такая была, што вялася на рускай мове. Сярэдзіна 80-х гадоў узрушыла і мяне, як і ўсё грамадства ў Беларусі. Проста мы задумаліся: а хто ж мы такія? Няўжо мы проста нейкая травінка каля дарогі, каторую могуць растаптаць, наступіць. Ці мы ўсё ж такі народ?
РР: Вы як літаратар, бо вы ўжо не адну кнігу выдалі, з якім бы вобразам звязалі Беларусь – з раслінным, жывёльным? Які больш, на вашую думку як філосафа, адпавядае?
Іван Буднік: Мне яна ўяўляецца нейкай птушкай-Фенікс, якая не знікае, не можа загінуць. Яна можа ўзнімацца толькі ўвысь і развівацца. Беларускай мове я прысвячаў некалькі вершаў у свой час. Быў напісаны вянок санетаў “Прамова пра мову”. Ну і час ад часу заўсёды звяртаюся да гэтай тэмы. Таму што на мову і ціснуць, і сама мова развіваецца, і тая арганізацыя, якая мовай займаецца таксама. Ну і сябры нагадваюць. Калі зойдзеш у асяроддзе сяброў у Таварыства беларускай мове, або ў Цэнтр грамадскага жыцця, там людзі гавораць на сваёй мове, адчуваеш нейкі ўздым, палёгку, заражаешся нейкай энергіяй.
Цалкам размова:
Размаўляў Якуб Сушынскі, Беларускае Радыё Рацыя