Іван Бяленік: Пра вакцынацыю даведаўся на гарадскім блогу



У Гародні ўжо больш тыдня адбываецца вакцынацыя ад каронавірусу, і вакцыну спярша мог атрымаць праз гарадскія паліклінікі кожны ахвотны.

Адным з першых, хто прышчапіўся, быў прадпрымальнік Іван Бяленік.

– Я нават не ведаю як гэта ўсё робіцца. Я прачытаў на гарадзенскім блогу S13, што пачалася вакцынацыя, што можна звярнуцца ў паліклінікі. Я падышоў у паліклініку, мяне накіравалі да эмунолага. Я прыйшоў. Эмунолаг задавала пытанні. У мяне была хвароба – хранічны гастрыт. Яна сказала, што можна зрабіць зараз, у гэты дзень, калі я звярнуўся. Мяне запыталі, як я сябе адчуваю, памералі тэмпературу, ціск, і прапанавалі адразу зрабіць расейскую прышчэпку. І я пагадзіўся.

Іван Бяленік падзяліўся таксама першымі адчуваннямі ад вакцынацыі.

– Доктарка казала, што могуць быць нейкія наступствы, можаш сябе неяк слаба адчуваць. Першыя паўтара дня было такое адчуванне, нібыта прадгрыпознае пачуццё. Трохі ламала косці. Але не было ні тэмпературы, нічога. У панядзелак мне зрабілі прышчэпку, у сераду з раніцы я адчуваў сябе як заўсёды.

Вакцынацыя на Гарадзеншчыне бліжэйшым часам закране людзей сталага ўзросту – пасля 61 году, а таксама задарма бліжэйшым часам атрымаюць прышчэпку медычныя супрацоўнікі вобласці.

Беларускае Радыё Рацыя