Іван Шэга: У Беларусі няма бясплатнай медыцыны
„У Беларусі ўжо даўно няма бясплатнай медыцыны, гарантаванай Канстытуцыяй”, – каментуе інтэрв’ю міністра аховы здароўя Васіля Жарко дзяржаўнай газеце “СБ Беларусь сегодня” слонімскі лекар Іван Шэга.
Па яго словах, платныя паслугі ў Беларусі ўвялі ў 2008 годзе, потым зноў адмянілі, ды зноў увялі Пасля прэзідэнцкіх выбараў.
“Плата з беларусаў за медыцыну зараз спаганяецца двойчы: спачатку ў выглядзе падатку, а потым у медычным кабінеце, дзе ўсё абсталяванне куплена за бюджэтныя сродкі”, – адзначае Іван Шэга:
– У Канстытуцыі адназначна пазначана, што ў нас дзяржаўная медыцына, што ў нас медыцынскае абслугоўванне бясплатнай. Калі гэта пазначана, якія скажыце калі ласка платныя паслугі? Ніякіх не павінна быць. Калі вы хочаце платныя паслугі, то зрабіце спецыяльныя паліклінікі платныя, рабіце кабінеты платныя асобна, якія з гаспадарчым разлікам ці прыватныя. Вось там будзе ўсё платнае, а дзяржаўнае павінна быць бясплатным.
Амаль што адзінае выйсце слонімскі лекар Іван Шэга бачыць у страхавой медыцыне, калі кожны грамадзянін можа атрымаць больш якасныя паслугі за тыя самыя грошы, а расходванне дзяржаўных сродкаў на медычнае абслугоўванне насельніцтва выглядае больш празрыстым.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя