Івашын: Салідарнасць з журналістамі – гэта наша грамадзянская пазіцыя
Гарадзенскія журналісты далучыліся да акцыі „Станем за журналістыку”, каб прыцягнуць увагу да галоўных пагрозаў, з якімі сутыкаюцца іх калегі.
Журналіст, рэдактар беларускай службы InformNapalm Дзяніс Івашын лічыць, што да акцыі мусяць далучыцца ўсе незалежныя журналісты:
– Журналісты засталіся фактычна адзіным асяродкам свабоды, які даносіць усю праўду пра сітуацыю ў Беларусі. І яны трапляюць зараз пад вялізны каток рэпрэсій. Дзяржава імкнецца гэтую выспу свабоды знішчыць. Пад гэтым катком рэпрэсій з кожным днём усё больш і больш апынаецца журналістаў. Таму мы абсалютна свядома падтрымліваем кампанію абароны і салідарнасці з усімі журналістамі, якія зведваюць зараз рэпрэсіі. Гэта наша абсалютна свядомая пазіцыя. І цвёрдая грамадзянская пазіцыя таксама.
Журналісты з Гародні зрабілі здымкі з лагатыпам сённяшняй акцыі, а таксама ў межах акцыі пачалі збор сродкаў журналісту Уладзіславу Ахроменку, што знаходзіцца ў цяжкім стане ў Беластоку.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня