Івонка Сурвілла: Каліноўскі – сімвал адраджэння



Старшыня Рады БНР Івонка Сурвілла прыняла ўдзел у пахаванні паўстанцаў у Вільні. 

На думку старшыні Рады БНР, беларускае адраджэнне пачалося ад Кастуся Каліноўскага:

– Каліноўскі паказаў дарогу адраджэння. Ён быў вялікі патрыёт, любіў Беларусь як ніхто. Яго кліч: „Каго любіш? Люблю Беларусь!”, паказвае ў якой ступені Беларусь была ў сэрцы гэтых людзей. Для мяне ён сімвал адраджэння. 

Урачыстасці ў Вільні таксама сталі нагодай для правядзення пасяджэння Рады БНР. Як падкрэслівае Івонка Сурвілла, вялікай пагрозай для незалежнасці Беларусі з’яўляецца пагадненне пра інтэграцыю Беларусі і Расеі:

– Цяпер нас вельмі пераймаюць старанні Пуціна неяк уключыць Беларусь у сваю імперыю. Страшэнна пераймае, хаця некаторыя людзі ў гэта не вераць, але я думаю, што ён сапраўды мае гэта на мэце. Будзем глядзець, якім спосабам можна адэкватна змагацца супраць гэтага. Мы лічым сябе абаронцамі незалежнасці Беларусі.

Другі дзень урачыстасці ў Вільні завершыць паўстанцкі ланцуг – жалобнае грамадскае шэсце са знічамі ад Вострай брамы да могілак Росы.

Каб прыняць удзел у пахаванні паўстанцаў у літоўскую сталіцу прыехала каля 7 тысяч беларусаў.

Беларускае Радыё Рацыя