Івонка Сурвіла: Маладое пакаленне недаацэньвае пагрозу незалежнасці Беларусі



Старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла сёлета, калі святкуецца 100-годдзе абвяшчэння БНР, наведала шэраг сустрэч, як у Паўночнай Амерыцы, так і ў Еўропе. У інтэрв’ю нашаму радыё яна заўважыла, што маладое пакаленне беларускай эміграцыі недаацэньвае пагрозу незалежнасці Беларусі, а больш схіляецца да культурніцкай галіны. Тым не менш, задачай эміграцыі было і застаецца спрыянне і захванне беларускай незалежнасці.

Кажа старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла:

Было вельмі шмат людзей на святкаванні ў Нью-Ёрку. Было 2 святкаванні, і на кожным была перапоўненая зала. Я таксама была на сустрэчы беларусаў Паўночнай Амерыкі. І тут мушу сказаць, што людзей менш было, чым некалі. Раней збіралася ўся наша эліта, а цяпер прысутных было менш. Факт: змяняюцца пакаленні, крыху іншы падыход да беларускай справы. Людзі, якія прыехалі з БССР, а таксама тыя, што прыехалі ўжо з вольнай Беларусі, не здаюць сабе справы, як моцна трэба змагацца, каб абараніць незалежнасць Беларусі ад усходняга суседа.

Івонка Сурвіла ўжо шмат гадоў жыве ў сталіцы Канады Атаве. Паводле яе, наймацнейшыя беларускія арганізацыі ў замежжы працуюць у Канадзе, Злучаных Штатах, Вялікабрытаніі, Польшчы і некаторых іншых краінах.

Кастусь Багушэвіч, Беларускае Радыё Рацыя