Івонцы Сурвіле споўнілася 80 гадоў
11 красавіка 80-годдзе адзначае старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Івонка Сурвіла.
Iвонка Сурвіла (Шыманец) нарадзілася ў 1936 годзе ў Стаўпцах. З 1944 года — у эміграцыі. Яе бацька Уладзімір Шыманец быў міністрам фінансаў ва ўрадзе БНР часоў Міколы Абрамчыка. Жыла ў Францыі‚ Даніі‚ Іспаніі. Цяпер жыве ў Канадзе. Мае дзвюх дачок.
Скончыла вышэйшую Мастацкую школу ў Парыжы‚ пазней — лінгвістычнае аддзяленне Сарбонскага ўніверсітэта (1959).
Акрамя роднай мовы‚ валодае яшчэ васьмю: французскай‚ іспанскай‚ ангельскай‚ нямецкай‚ дацкай‚ лацінскай‚ нарвежскай‚ польскай.
У 1958-1965 гадах працавала ў беларускай рэдакцыі іспанскага Нацыянальнага радыё. З 1969 года працавала ў Федэральным урадзе Канады.
Івонка Сурвіла брала актыўны ўдзел у грамадскім жыцці дыяспары, рэпрэзентавала ідэю беларускай незалежнасці на сустрэчах з канадскімі палітыкамі, на канферэнцыях ды імпрэзах. Займалася жывапісам‚ брала ўдзел у мастацкіх выставах.
У 1989 годзе арганізавала канадскі Фонд дапамогі ахвярам Чарнобыля ў Беларусі і заставалася яго кіраўніцай да 1997 года. Дзякуючы фонду ў Беларусь былі перададзеныя лекі ды медычнае абсталяванне на дзясяткі мільёнаў даляраў, а на аздараўленні ў Канадзе пабывалі тысячы беларускіх дзяцей.
У жніўні 1997 года Івонка Сурвіла была абраная старшынёй Рады БНР.
Сябры і паплечнікі выказваюцца пра Івонку Сурвілу з нагоды яе дня народзінаў.
Беларускае Радыё Рацыя далучаецца да віншаванняў і з нагоды юбілею жадае моцнага здароўе і шчасця. Няхай Бог аберагае Вас ад зла, хваробаў і журбы. Здзяйснення ўсіх Вашых задумаў і мараў!
Фота svaboda.org