Ізраільскія навукоўцы выявілі антыцела, якое нейтралізуе каронавірус



Ізраільскім навукоўцам удалося вылучыць антыцела, здольнае стаць ключавым у барацьбе з COVID-19. Пра гэта ў аўторак, 5 траўня, паведаміла агенцтва France-Presse.

Спецыялісты ізалявалі антыцела, якое выпрацоўваецца імуннымі клеткамі чалавечага арганізму. У прэс-рэлізе, выпушчаным ізраільскім Мінабароны, яно апісваецца як «монакланальнае неўтралізуючае антыцела». Мяркуецца, што яно здольнае нейтралізаваць COVID-19 у арганізмах, якія заразіліся.

Паводле дырэктара інстытута ў Нес-Цыёне, доктара Шмуэля Шапіры, у ягонай лабараторыі спачатку ўдакладняць усю інфармацыю пра гэтае антыцела, потым зарэгіструюць патэнт, а далей звернуцца да міжнародных кампаній дзеля выпуску прэпаратаў, каб лячыць хворых на каронавірусную інфекцыю.

Беларускае Радыё Рацыя