Каардынатарку “Страны для жизни” Юлію Барсукову аштрафавалі і адпусцілі з ІЧУ
У мінулую суботу дома ў жанчыны адбыўся ператрус, міліцыянты забралі 11 улётак, 4 мабільныя тэлефоны і 2 сістэмныя блокі.
Ператрус праходзіў у межах крымінальнай справы паводле артыкула 342 ч. 1 “Арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак і звязаныя з яўным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады, або якія цягнуць за сабой парушэнне працы транспарту, прадпрыемстваў, установаў ці арганізацый, або актыўны ўдзел у такіх дзеяннях”. Каардынатарка “Страны для жизни” знаходзіцца ў статусе падазраванай – так патлумачылі ёй супрацоўнікі Кастрычніцкага РАУС падчас допыта.
Да вечара 10-га жніўня жанчына знаходзілася пад вартай у ізалятары часовага ўтрымання. Па вызваленні яна распавяла, што над ёй адбыўся суд, і яе аштрафавалі на 40 базавых велічынь (1 080 рублёў), – але паводле іншага артыкула:
– Асудзілі мяне паводле адміністрацыйнага артыкула 23.34 частка 3, хаця з пратаколам я не згодная. За рэпост артыкула з “Хартыі” на канал “Витебск для жизни. Чат” з заклікам выходзіць на пратэсты да жыхароў Менска і абласных гарадоў.
Абвінавачванні паводле крымінальнага артыкула 342 ч. 1 Юлія Барсукова лічыць беспадстаўнымі.
Яна мяркуе, што супрацоўнікі міліцыі скарысталіся ім, каб забраць аргтэхніку, – каб абмежаваць яе зносіны ў сацыяльных сетках і мэсэнджарах і пазбавіць магчымасці агітаваць людзей да актыўных дзеянняў.
Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск