Каардынатару ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай – 15 сутак арышту
У наваполацкім судзе арышт з адтэрміноўкай на 5 сутак прысудзілі Яўгену Вільскаму, рэгіянальнаму каардынатару ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай.
Суддзя Зінаіда Балаболава прызнала яго вінаватым адразу па трох пратаколах, складзеных міліцыянтамі нібыта за ўдзел у несанкцыянаваным пікетаванні. Пікеты па зборы подпісаў, якія прайшлі 28-га і 30-га траўня ў Наваполацку, а таксама пікет у Віцебску 31-га траўня суд палічыў несанкцыянаванымі мерапрыемствамі, бо там былі плакаты “Стоп таракан”, “Свабоду Сяргею Ціханоўскаму!” і іншыя. Маўляў, ні гэтыя плакаты, ні выступы людзей на пікеце ў Віцебску да выбарчай кампаніі не маюць дачынення. Яўген Вільскі не згодны:
– Пікеты падчас выбараў не падпадаюць пад заканадаўства аб масавых мерапрыемствах. Гэта артыкул 61 выбарчага заканадаўства. Там, дзе не забаронена праводзіць пікеты, ты проста іх праводзіш. Так было заўсёды, і толькі сёлета высвятляецца, што трэба было пытацца дазволу ў выканкаме на пікет, і на тое, што мы будзем там казаць.
Яўген Вільскі збіраецца аспрэчыць судовую пастанову. Дарэчы, апошнія суды над актывістамі на Віцебшчыне паказалі, што толькі ў Наваполацку выкарыстоўваецца практыка адтэрміновак перад “суткамі”. Прыхільнікі блогера Ціханоўскага, навапалачане Артур Сінега і Андрэй Зуеў таксама былі асуджаныя да 15-суткавых арыштаў з 5-дзённай адтэрміноўкай. Аднак дагэтуль ніхто не запатрабаваў, каб яны з’явіліся адбываць арышт. Яўген Вільскі мяркуе, што ўсіх актывістаў могуць адначасова затрымаць і кінуць за краты на час прэзідэнцкіх выбараў.
Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск