Каардынацыйная рада: Лілія Уласава і Ілья Салей застаюцца палітзняволенымі



Юрыст і медыятар Лілія Уласава і адвакат Ілья Салей застаюцца палітвязнямі, заявіла Каардынацыйная рада (КР) па ўрэгуляванні палітычнага крызісу ў краіне ў адказ на навіны аб іх вызваленні з-пад варты і пераводзе пад хатні арышт.

„Змена меры стрымання на хатні арышт члену прэзідыума КР Ліліі Уласавай, а таксама адвакату Марыі Калеснікавай Ілью Салею, які не браў удзелу ў дзейнасці КР, — гэта не вызваленне, яны застаюцца палітычнымі вязнямі, — гаворыцца ў паведамленні тэлеграм-канала КР. — Цяпер Лілія Уласава і Ілья Салей знаходзяцца дома, але працягваюць знаходзіцца ў статусе абвінавачваных, не маюць магчымасці бачыцца з роднымі, выкарыстоўваць сродкі сувязі і выходзіць з кватэры”.

„Каардынацыйная рада настойвае — толькі вызваленне ўсіх палітычных вязняў і спыненне пераследу грамадзян за іх палітычныя перакананні можа быць крокам да пачатку вырашэння палітычнага крызісу”, — адзначылі ў КР.

31 жніўня Уласаву выклікалі ў Цэнтральнае РУУС Мінска па факце ўдзелу ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. У той жа дзень яе затрымалі супрацоўнікі дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю, у яе доме правялі вобшук. Пазней стала вядома, што ў дачыненні да Уласавай распачатая крымінальная справа паводле ч. 2 арт. 243 КК (ухіленне ад выплаты падаткаў).

Ілья Салей, адзін з адвакатаў члена прэзідыума КР Марыі Калеснікавай, быў затрыманы 9 верасня. Праз дзевяць дзён яму было выстаўленае абвінавачванне паводле ч. 3 арт. 361 КК (заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь).

Уласава і Салей былі ў ліку палітвязняў, з якімі Аляксандр Лукашэнка сустракаўся 10 кастрычніка ў СІЗА КДБ.

Акрамя іх на сустрэчы прысутнічалі былы кіраўнік „Белгазпрамбанка”, экс-прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта Віктар Бабарыка, яго сын, кіраўнік перадвыбарнага штаба Эдуард Бабарыка, палітычны кансультант Віталь Шкляраў, юрыст Максім Знак, палітолаг і актывіст Юрый Васкрасенскі, дырэктар ІТ-кампаніі PandaDoc Дзмітрый Рабцэвіч, бізнесмен, сузаснавальнік інтэрнэт-выданняў kyky.org і The Village Belarus, уладальнік агенцтва Vondel/Hepta і „Галерэі Ў” Аляксандр Васілевіч, Кірыл Бадзей, які займаў да арышту пасаду в.а. старшыні праўлення „Белгазпрамбанка”, Сяргей Дабралёт, былы намеснік старшыні праўлення „Белгазпрамбанка”, і Сяргей Ціханоўскі, відэаблогер, аўтар youtube-канала „Краіна для жыцця”, муж экс-кандыдата ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай.

На наступны дзень двум удзельнікам — Юрыю Васкрасенскаму і Дзмітрыю Рабцэвічу — была змененая мера стрымання на хатні арышт. Увечары 13 кастрычніка пад падпіску аб нявыездзе выпусцілі яшчэ двух фігурантаў „справы PandaDoc” — галоўнага бухгалтара Юлію Шардыку і HR Уладзіслава Міхалапа. 16 кастрычніка на хатні арышт быў пераведзены Ілья Салей.

19 кастрычніка стала вядома пра змену меры стрымання Віталю Шкляраву і Ліліі Уласавай. Паводле папярэдняй інфармацыі, Шкляраў выйшаў з СІЗА 14 кастрычніка пад асабістую паруку Васкрасенскага.

belapan.by