Каб аднавіць касцёл Святога Антонія, патрэбная воля ўладаў



Рашэнне пра адбудову  помніка архітэктуры віленскага барока было прынятае ўжо даўно: аднаўленне храма, зруйнаванага ў 1950-я гады, уваходзіць у план рэгенерацыі гістарычнага цэнтру горада.

Гэтую ідэю падтрымліваюць многія гараджане, бо храм, узведзены па праекце італьянскага архітэктара Іосіфа Фантана, быў сапраўднай архітэктурнай адметнасцю. Хараство касцёла адбілася ў творчасці мастакоў Напалеона Орды і Юзафа Пешкі, велічны выгляд храма захаваўся на старых фотаздымках…

Сучасныя адмыслоўцы адшукалі старыя падмуркі, і цяпер дакладна вядома, як касцёл Святога Антонія мае ўпісацца ў сучасны гарадскі краявід.

Але ёсць праблема: некалі касцёл зруйнавалі, каб пашырыць вуліцу Леніна, і цяпер яе трэба зноўку звузіць, тлумачыць архітэктар, атэставаны спецыяліст па рэстаўрацыі помнікаў культуры Яўген Калбовіч:

– Зараз у тым месцы 6 палос для руху і адна паласа для тармажэння грамадскага транспарта. Касцёл займае адну паласу і гэтую паласу тармажэння. Калі захапіць яшчэ частку тэрыторыі ходнікаў з другога боку,  гэтага будзе больш чым дастаткова, – якраз атрымаецца 4 паласы.

Прыняць рашэнне пра адвядзенне зямельнага ўчастка і пераробку дарогі павінныя гарадскія ўлады, тлумачыць адмыслоўца. Ініцыятарам, заказчыкам і выканаўцам аднаўлення касцёла выступае Віцебская рымска-каталіцкая дыяцэзія. Усе патрабаванні заканадаўства выкананыя: праведзены даследаванні, ёсць праект адноўленага помніка архітэктуры, знайшліся мецэнаты, гатовыя даць грошы на будаўніцтва, цяпер яны мусяць афіцыйна пацвердзіць свае намеры. Жыхары Віцебска таксама  шмат разоў выказвалі жаданне  ахвяраваць  сродкі на добрую справу. Пытанне, здавалася б, вырашанае, але на сайце дзяржаўнай гарадской газеты “Віцьбічы” раптам з’явілася апытанка, ці патрэбны гораду адноўлены помнік архітэктуры. І некаторыя гараджане сумняюцца, ці няма штучнай “накруткі” галасоў супраць: за некалькі гадзінаў іх колькасць павялічылася з 11 % да 38%.

Беларускае Радыё Рацыя

Фотаздымкі і фотапраекцыі з архіва Віктара Барысенкава