Каб дзеткі вучылі родную мову



Ва ўсе кнігарні Беларусі паступіла вось такая “Хрэстаматыя для пазакласнага чытання ў 3 класе”, якую склала Вольга Гапанёнак. Па словах гандляроў крамаў, кнігу вельмі актыўна купляюць бацькі для сваіх дзетак. Надрукаваны дадатковы наклад 3 тысячы асобнікаў.

Гэта выданне – вучэбны дапаможнік, складзены ў адпаведнасці з новай праграмай. Сюды ўвайшлі лепшыя творы беларускіх пісьменнікаў пра дзяцей і для дзяцей. Чытаючы іх, дарослыя і дзеці адчуюць і спазнаюць мілагучнасць роднага слова, багацце яго сэнсавых і інтанацыйных адценняў. У паэтычнай і празаічнай форме аўтары займальна распавядаюць пра жыццё і вучобу, працу і адпачынак малодшых школьнікаў, а таксама пра родную прыроду, паводзіны ў школе, прафесіі, захапленне г.д. Сярод аўтараў – Янка Купала, Якуб Колас, Уладзімір Дубоўка, Алена Васілевіч, Ніл Гілевіч, Іван Шамякін, Паўлюк Прануза, Артур Вольскі, Алесь Пальчэўскі, Рыгор Няхай, Эдзі Агняцвет, Васіль Хомчанка, Ядвіга Бяганская, Авяр’ян Дзеружынскі і іншыя. А таксама сённяшнія аўтары – Уладзімір Ягоўдзік, Міхась Пазнякоў, Уладзімір Мазго, Генадзь Аўласенка, Мікола Чарняўскі, Леанід Дайнека, Сяргей Чыгрын, Мар’ян Дукса, Уладзімір Ліпскі… З беларускіх паэтаў Беласточчыны ў хрэстаматыі апублікаваны верш Віктара Шведа “Я нарадзіўся беларусам”:

Я клянуся: не зракуся

Сваё роднае любіць.

Быў і буду беларусам,

Пакуль толькі буду жыць!

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя