«Каб інфармацыя не скажалася»



Нацыянальны аэрапорт «Мінск» патлумачыў, чаму надпісы ў аэрапорце не дублююцца на беларускай мове.

Нацыянальным аэрапорце інфармацыя перадаецца па-ангельску, па-руску, а з нядаўніх часоў і зусім з’явіўся расклад рэйсаў па-кітайску. Аднак беларускай мовы ў аэрапорце няма. Пры гэтым іншыя транспартныя прадпрыемствы краіны, у тым ліку Беларуская чыгунка і авіякампанія «Белавія» беларускую мову выкарыстоўваюць. — Хацелася нагадаць, што ў нас дзве нацыянальныя мовы: руская, і беларуская, — адказаў дырэктар Нацыянальнага аэрапорта «Мінск» Дзмітрый Мелікян.— Але руская мова, у адрозненне ад беларускай, гэта яшчэ і адна з васьмі моў, якія прынятыя ў свеце як міжнародныя. Таму на сённяшні дзень інфармацыя падаецца на трох з васьмі агульнапрынятых моў. Дзмітрый Мелікян адзначыў, што назва аэрапорта напісана па-беларуску, а на тэрыторыі аэрапорта «працуюць над папулярызацыяй беларускай мовы». Аднак інфармацыю на гэтай мове не перадаюць — «каб яна не скажалася». — Трэба, каб людзі арыентаваліся нармальна. Асабліва з улікам таго, што сёння 30% карыстальнікаў аэрапорта — транзітныя пасажыры, якія не з’яўляюцца беларускамоўнымі. Мы ў першую чаргу робім так, каб было зручна пасажыру, каб не ўзнікала лішніх пытанняў. Хачу нагадаць, што бліжэйшыя рэгіёны РФ, такія як Смаленская, Пскоўская вобласці, таксама з’яўляюцца карыстальнікамі Нацыянальнага аэрапорта. Яны яго прынялі як лепшы варыянт у параўнанні з Маскоўскім аэравузлом. Паводле яго слоў, сёння ўсе супрацоўнікі, якія працуюць з пасажырамі, валодаюць і замежнымі, і беларускай мовай. З нагоды таго, што ў Менскім аэрапорце на табло з’явіўся расклад па-кітайску зрабіў рэмарку гендырэктар «Белавія». — Быў у Празе некалькі дзён таму і ўразіўся. Там, акрамя чэшскага і ангельскай, надпісы яшчэ і на карэйскай. Аказалася, таму што ў Празе шмат пасажыраў — карэйцы. Таму тое, што ў нас з’явілася кітайская — напэўна, нармальна, — дадаў Анатоль Гусараў.

tut.by