„Каб не заразіцца, нашу ў роце часнык”



Па апошняй інфармацыі Міністэрства аховы здароўя, у Беларусі 76 выяўленых выпадкаў заражэння COVID-19. Ад гэтай колькасці 15 пацыентаў ужо вылечаны і выпісаныя з медыцынскіх устаноў. Па рэкамендацыям медыкаў – галоўным сродкам абароны ад вірусу застаецца асабістая гігіена.

Наш карэспандэнт спытаў у жыхароў Пінска, якія яны ўжываюць сродкі прафілактыкі ад каронавіруса:

– Цыбуля, часнык, лімон, малако з часныком. Ды нікуды не хадзіць, дзе шмат народу, сядзець дома.

– Трэба мыць рукі, прафілактыка павінна быць на вышэйшым узроўні.

– Напэўна, усё ж такі выконваць гігіену, мыць рукі, мыцца, насіць павязку. І калі што – да лекара ў першую чаргу.

– Каб не заразіцца, нашу ў роце часнык, калі выходжу на вуліцу.

Пінскі Цэнтр гігіены і эпідэміялогіі паведамляе, што ў горадзе з-за пагрозы каронавіруса пад наглядам медыкаў знаходзіцца 24 чалавекі і ўсе яны на самаізаляцыі. Большасць ад гэтай колькасці пінчукоў нядаўна вярнуліся з-за мяжы: 12 – з Італіі, 7 – з Польшчы, 1 – з Нямеччыны, а таксама 4 студэнты БДУ. Ва ўсіх першыя аналізы адмоўныя.

Беларускае Радыё Рацыя