Каб ведалі свой край і ўшаноўвалі яе сыноў
З вялікай цікавасцю і радасцю слонімцы любяць сустракацца са сваім земляком пісьменнікам, краязнаўцам і журналістам Сяргеем Чыгрыном са Слоніма.
Дзве запар сустрэчы вядомы слонімец правёў у мінулы аўторак, 14 студзеня. Шчыра віталі госця настаўнікі і вучні Міжэвіцкай сярэдняй школы. Падчас сустрэчы Сяргей Чыгрын пазнаёміў прысутных са сваімі новымі выданнямі, якія прысвечаныя роднай Слонімшчыне і яе людзям. Госць прачытаў новыя вершы, сярод якіх шмат было паэтычных радкоў адрасавана вучням малодшых класаў.
Падчас сустрэчы настаўнікі і вучні атрымалі аўтографы ад літаратара і разам сфатаграфаваліся. Сяргей Чыгрын адказаў таксама на шматлікія пытанні школьнікаў і настаўнікаў, але найбольш усіх цікавілі пытанні пра такіх асобаў, як Міхал Казімір Агінскі, Леў Сапега, пра тое, як выдаюцца кнігі, над чым аўтар працуе сёння.
Пасля школьнай сустрэчы госця чакалі навучэнцы Слонімскага каледжа сельскагаспадарчай вытворчасці ў Слонімскай цэнтральнай бібліятэцы імя Якуба Коласа. Сяргей Чыгрын распавёў пра лёс юных патрыётаў, якія былі родам са слонімскай зямлі. Найбольш зацікавіла ўсіх асоба маладога генерала са Слонімскага павета Яна Канопкі, які ў 1812 года выступаў на баку Напалеона Банапарта. Даведаліся навучэнцы каледжа і пра лёс іншых вялікіх асобаў Слонімшчыны.
Аксана Шпак, Беларускае Радыё Рацыя, Слонім
Фота аўтара