Каб выносіць свае сацыяльныя пытанні ў публічную прастору
У Берасці распаўсюджана больш за тысячу буклетаў пра дзейнасць грамадскай ініцыятывы „Сацыяльны офіс”. У матэрыялах актывісты распавялі пра тое, з якімі праблемамі да іх ужо звярталіся патэнцыйныя выбарцы, якія ёсць механізмы абароны правоў грамадзян і чаму важна быць сацыяльна актыўным. Адзін з лідараў ’’Сацыяльнага офісу’’ Юры Жыдовіч патлумачыў, што друкаваныя матэрыялы – гэта дадатковы спосаб камунікацыі грамадзян з інтэрнэт-пляцоўкай і атрымання інфармацыі з незалежных срокаў масавай інфармацыі:
– Усё ж такі не ўсе грамадзяне маюць магчымасць зайсці ў інтэрнэт і паглядзець гэта там. Магчыма для пэўнай колькасці грамадзян гэта будзе проста нейкім штуршком, бо спачатку яны даведваюцца з улёткі, што такую інфармацыю можна знайсці, больш падрабязна даведваюцца, дзе яе можна знайсці, і потым туды змогуць зайсці і паглядзець.
Як адзначыў Юры Жыдовіч, яшчэ адной пляцоўкай для непасрэднай камунікацыі з грамадзянамі стане сайт, які пачне сваю працу з пачатку снежня. На сайце будзе зваротная сувязь, дзе кожны чалавек зможа апісаць сваю праблему або скласці калектыўны зварот і пакінуць свае кантакты.
Беларускае Радыё Рацыя