Каб жыла Беларусь



94-я гадавіна Слуцкага Збройнага Чыну асабліва сёння прыводзіць да сумных роздумаў. Рэспубліка Беларусь хаця фармальна з’яўляецца незалежнай краінай – de jure, але ў сапраўднасці -de facto – не зусім. Умяшанне Расеі ва ўнутраныя справы  суседняй Украіны,  анэксія Крыма і яўная ўжо агрэсія на тэрытарыяльную суцэльнасць суседкі. Яўная падтрымка  гэтак званых самазванчых Луганскай і Данецкай  Народных Рэспублік ставяць перад намі пытанне: хто наступны? Падобнае пытанне ставілася на той жа Украіне, калі Расея напала на Грузію – «сёння Грузія, заўтра Украіна». Ці не будзе гэта Беларусь? Расейскія ваенныя базы, націскі дзеля забароны на рээкспарт тавараў, хаця Еўразійскі Эканамічны Саюз выразна  дазваляе гэта. Мо для Крамля будзе мала. Тады што далей?

Яшчэ ў сакавіку сёлета спадарыня Івонка Сурвіла ў адозве з нагоды Свята Незалежнасці перасцерагала перад маскоўскай паўзучай гегемоніяй. Таму і цяпер у Дзень Герояў – 27 лістапада – варта пра гэта памятаць.

РР: Многія гісторыкі цвердзяць, што Слуцкі Збройны Чын – гэта самае вялікае і найважнейшае змаганне беларусаў за незалежнасць, большае, чым паўстанне Кастуся Каліноўскага 1863-64 гадоў?

lekcyja_img_6147_rrАлесь Краўцэвіч: Ну, можна так сказаць, бо паўстанне Кастуся Каліноўскага адбылося ў ХІХ стагоддзі, яно не ставіла  сваёй  мэтай стварэнне незалежнай беларускай дзяржавы. Чым Слуцкі Збройны Чын важны для нашае гісторыі – гэта менавіта тым, што гэтыя паўстанцы, гэтыя змагары свядома жадалі будаваць беларускую дзяржаву. Гэта ўжо былі героі нацыянальныя, не этнічныя, не народныя героі, змагары за бедных супраць багатых. Гэта змагары за канкрэтную беларускую дзяржаву і ў гэтым іх вялікасць.

РР: Ці ў беларускай гісторыі належна ацэньваецца гэтае змаганне, гэты чын?

Алесь Краўцэвіч: Калі гаварыць пра незалежных гісторыкаў, незалежную гістарыяграфію, патрыятычную  беларускую гістарыяграфію, то аддаецца належнае. Калі гаварыць пра агульную беларускую гістарыяграфію, то афіцыйныя гісторыкі замоўчваюць гэтую справу або стараюцца зменшыць яе значэнне. Гэта абсалютна няправільна, гэта зноў жа той фактар, якім улады дзеляць наш народ. Менавіта адносіны да  Слуцкага  Збройнага Чына.

РР: Чаму менавіта так?

Алесь Краўцэвіч: Я ўвесь час гэта гавару. Таму, што нашыя ўлады, наш рэжым прарасейскі. Гэта прынцып лакея: ён мне плаціць, а я ліжу яму бот. Расея Лукашэнку плаціць і ён ліжа яе боты, Пуціну боты.

РР:  Але ж Слуцкі Збройны Чын не быў сам па сабе антырасейскі,  ён быў перадусім антыбальшавіцкі,  за незалежнасць Беларусі, але антыбальшавіцкі.

Алесь Краўцэвіч: Рэч у тым, што тады Расея прыняла форму камуністычную, бальшавіцкую, а была імперыя і засталася імперыя. Была царская, а стала савецкая. І сучаснае расейскае кіраўніцтва ўспрымае сябе спадкаемцамі гэтай савецкай імперыі.  І  таму змаганне супраць бальшавізму – гэта не было змаганне супраць беларускага бальшавізму, гэта было змаганне супраць расейскага бальшавізму.

РР: Гадавіны  Слуцкага Збройнага Чыну пачалі ўшаноўвацца ўжо ў міжваенны перыяд у Заходняй Беларусі (тады акупаванай Польшчай) ў эміграцыі, але ў самой Беларусі – толькі з канца 80-ых гадоў мінулага стагоддзя. І цяпер ўшаноўваюцца.

Алесь Краўцэвіч: Яны ўшаноўваюцца праз незалежнае грамадства пад пераследам уладаў. Кожны раз, калі збіраюцца там людзі, яны маюць непрыемнасці ад уладаў: арышты, затрыманні, патрабаванне зняць бел-чырвона-белыя сцягі. Вось гэта такі парадокс, парадокс нашай сучаснасці беларускай. Скразная фальш. Гаворыцца адно, а робіцца другое. Дзякуючы гэтаму збройнаму чыну Лукашэнка мае зараз уладу, мы маем незалежную дзяржаву. І гэтая ж дзяржава, улады гэтыя змагаюцца супраць памяці тых людзей, якія праклалі дарогу да беларускай дзяржаўнасці.

Увогуле, я лічу, што Слуцкі Збройны Чын павінен быць даследаваны і міфалагізаваны на ўзроўні такім, як у палякаў Варшаўскае паўстанне.

РР: Значыць, значэнне Слуцкага Збройнага Чыну для сучаснай незалежнай Беларусі вялікае і належна, на жаль, недацэненае.

Алесь Краўцэвіч: Я скажу так: такіх спраў, як  Слуцкі Збройны Чын, у нашай гісторыі было няшмат, бо ведаем, якая русіфікацыя праводзілася на нашай краіне расейцамі. Мы ведаем, што беларусы цікавіліся больш пытаннямі сацыяльнымі. Яны хацелі зямлі больш, чым незалежнай дзяржавы, бо не было школьніцтва беларускага, не было каму выхоўваць гэтых беларускіх патрыётаў. І таму такая акцыя, такое выступленне, такая самаарганізацыя народу – вось яна заслугоўвае таго, каб кожны год гэтым займаліся, каб быў спецыяльны аддзел у Акадэміі Навук.

Я так лічу: павінен быць у Інстытуце Гісторыі Акадэміі Навук аддзел, які займаецца толькі Слуцкім Збройным Чынам, выдае дакументы, апытвае людзей, дзяцей тых людзей, якія ваявалі, яшчэ іх дзеці жывыя і памятаюць сямейныя расповеды. Гэтак можна стварыць цэлую гістарыяграфію, серыю фільмаў дакументальных, мастацкіх. Гэта павінна быць нашым нацыянальным гонарам і нашым нацыянальным міфам.

РР: Такія прозвішчы случакоў, як Макар Краўцоў (аўтар слоў нацыянальнага беларускага гімна “Мы выйдзем шчыльнымі радамі”), Станіслаў Булак-Балаховіч – славуты генерал ці Мікола Дзямідаў (дарэчы, паходзіў з Бельска Падляшскага), а таксама тысячы другіх закончылі трагічна. У чым заключаецца іх трагедыя?

Алесь Краўцэвіч: Так іх трагедыя, як і трагедыя беларускіх нацыянальных дзеячоў 20-ых гадоў, палягае на тым, што пры фенаменальнасці іхніх асобаў, пры магутнасці іхніх высілкаў усё гэта нібыта сышло ў пясок. І вось мы зараз, спадчыннікі тых нацдэмаў, расстраляных бальшавіцкай уладай, таксама пачынаем усё нанова, але гэта не так. Бо пераконваешся, што такія падзеі, як  Слуцкі Збройны Чын, як праца беларускіх адраджэнцаў, дзеячоў у 20-ыя гады, недзе жыве. Можа, на падсвядомым узроўні, але ёсць: мы ўжо на прыступку вышэй стаім, маем уласную дзяржаву, хоць яна такая, якая ёсць, але яна ўсё-такі ёсць урэшце!

Слухайце гутарку ў далучаным гукавым файле:

З гісторыкам з Гародні, прафесарам Алесем Краўцэвічам гутарыў Юрка Ляшчынскі, Беларускае Радыё Рацыя