Кабакі дачакаюцца чыстай пітной вады?



У Бярозаўскім раёне з 40 вадаводаў сельскіх населеных пунктаў толькі ў двух колькасць жалеза не перавышае нормы. Пра гэта паведаміў на апошняй сесіі дэпутатаў раённага Савета дэпутатаў старшыня райсавета Аляксандр Пятроўскі. У рамках рэспубліканскай праграмы па забеспячэнні насельніцтва якаснай пітной вадой, распачатай у бягучым годзе, 4 сельскія населеныя пункты атрымаюць станцыі абезжалезвання ў кастрычніку, паведаміў Пятроўскі:

У 2018 годзе атрымалася ўключыць у абласную праграму будаўніцтва станцый абезжалезвання 4 населеныя пункты: Міжлессе, Кабакі, Боркі і Марэвіль. Увесці станцыі ў вытворчую эксплуатацыю плануецца ў кастрычніку 2019 года.

Вяскоўцы аграгарадка Кабакі, якія ўжо шмат гадоў змагаюцца за чыстую ваду, не вераць чарговым абяцанкам улады:

Я дык не веру.

– Верыцца, але з цяжкасцю. Нам ужо доўгі час абяцаюць. Толькі абяцаннямі кормяць ды ўсё.

– Вада ў нас дрэнная зусім. Пасля ночы, калі пакінуць ваду ў кубку, то кубак іржавы ўвесь.

Жыхары аграгарадка Кабакі лічаць, што, нават калі і пабудуюць станцыю абезжалезвання, праблемы з няякаснай вадой вырашацца толькі часткова. Патрэбна мяняць вадаводныя старыя жалезныя трубы, якія зараслі ржой і глеем.

Беларускае Радыё Рацыя